Жывапіс Паўла Васільевіча Масленікава (1914–1995)

З 27 чэрвеня па 27 жніўня 2017 года ў Палацы Незалежнасці экспануецца выстава жывапісу народнага мастака Беларусі Паўла Васільевіча Масленікава з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Магілёўскага абласнога музея імя П.В. Масленікава.

Павел Васільевіч Масленікаў – адзін з прызнаных майстроў пейзажнага жывапісу і тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя. Тэатральны жывапісец, пейзажыст, мастацтвазнаўца і педагог, прыхільнік класічных традыцый у мастацтве, ён штодня жыў самім працэсам творчасці, цаніў майстэрства і прафесіяналізм. Дзейнасць народнага мастака Беларусі, кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Паўла Масленікава была накіравана на стварэнне нацыянальнай жывапіснай і тэатральна-мастацкай культуры, нацыянальнай сістэмы адукацыі і навукі ў галіне мастацтва. Загадчык кафедры тканін, рэктар Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, грамадскі дзеяч – такі на дзіва разнастайны талент Паўла Васільевіча Масленікава.

У экспазіцыі прадстаўлена 15 жывапісных твораў майстра. Гэтыя пейзажы, створаныя Паўлам Масленікавым на працягу канца 1940-х – пачатку 1990-х гадоў, аднаўляюць блізкую яго сэрцу родную прыроду. Ніякіх незвычайных візуальных вобразаў мастак не прапануе, але пры гэтым хочацца бясконца ўглядацца, любавацца колеравай гамай. Маляўнічыя далі, мяккія лініі, марудлівы рытм каларыстычных пераходаў. Зноў і зноў адчуваеш дотык з прыгажосцю ў яе вышэйшай праяве, калі эстэтычнае збліжаецца з ідэалам этычнага. Сэнсавая аснова пейзажа, упісаная ў візуальную, вырастае з вопыту жыцця, увабраўшы ўсю яго мудрасць.

Падводзячы вынік свайго творчага жыцця, Павел Васільевіч пісаў: “Доўгі шлях узыходжання мастака ў прафесійнае творчае жыццё праходзіць у глыбінях сацыяльнага жыцця народа, у бясконцым багацці яго духоўнага жыцця, духоўнага саюза нацый”.

Вера Пракапцова,

доктар мастацтвазнаўства, прафесар,

загадчык кафедры беларускай і сусветнай мастацкай культуры

ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”

Вярнуцца >>