Адкрыццё скульптурнай кампазіцыі

23 снежня а 12-й гадзіне ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя» па адрасу: вул. Інтэрнацыянальная 33А адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Раніца мастака» (скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, архітэктар Юрый Казакоў). Кампазіцыя прысвечана выдатнаму партрэтысту першай паловы XIX стагоддзя, беларускаму рамантыку Валенцію Ваньковічу (1800–1842) як даніна памяці ўдзячных суайчыннікаў, нашчадкаў мастаку. Яна ўстаноўлена ў сядзібе, якая належала блізкім сваякам мастака. Скульптура арганічна ўпісалася ў прастору старадаўняй сядзібы канца XVIII – пачатку XIX стагоддзя і ўпрыгожыла гістарычны цэнтр – «Верхні горад» у Мінску. Праект быў ажыццёўлены пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і ЗП “Брытыш-Амерыкан Табака Трэйдынг Компані».

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця і прэс-канферэнцыі, якая затым адбылася, прынялі ўдзел:

Павел Паўлавіч Латушка, Міністр культуры Рэспублікі Беларусь; Уладзімір Іванавіч Пракапцоў, Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь;

Вадзім Аляксандравіч Максіменка, дырэктар ЗП «Брытыш-Амерыкан Табака Трэйдынг Компані»;

Уладзімір Іванавіч Слабодчыкаў, скульптар, аўтар кампазіцыі «Раніца мастака».

Адкрыццё скульптурнай кампазіцыі стала часткай мерапрыемстваў музея, прысвечаных 210-й гадавіне з дня нараджэння мастака Валенція Ваньковіча, а сама бронзавая фігура мастака – першым манументам, які сцвярджае значнасць творчасці мастакоў дзеля Бацькаўшчыны.

Вярнуцца >>