Фрагменты Вавілонскай вежы

11 сакавіка 2010 года а 17 гадзіне адкрываецца выстаўка жывапісу Віктара Альшэўскага «Фрагменты Вавілонскай вежы». Мастак так тлумачыць яе канцэпцыю: «Фрагменты Вавілонскай вежы» – працяг выставачнага праекта «Легенды нашай цывілізацыі», які прайшоў у Год роднай зямлі па гарадах Магілёўскай вобласці: Бялынічах, Шклове, Крычаве, Асіповічах, Бабруйску, Магілёве і далей – у Мінску. «Легенды нашай цывілізацыі» – гэта легенды малых і вялікіх гарадоў нашай краіны і зямной цывілізацыі.

Вавілонская вежа – міфічны вобраз імкнення чалавека да неабсяжнага пазнання. Выстаўка «Фрагменты Вавілонскай вежы» з’яўляецца прыкладам сумеснай дзейнасці народаў дзеля ажыццяўлення мары, якая была ператворана ў ідэю будаўніцтва вежы.

Біблейскае паданне аб узвядзенні Вавілонскай вежы сведчыць пра дарэмныя намаганні чалавецтва шляхам матэрыяльнай дзейнасці наблізіцца да Бога.

На працягу тысячагоддзяў на зямлі стваралася іншая вежа – вежа духоўнай культуры. Кожная цывілізацыя, кожны народ і чалавек укладвалі ў падмурак гэтай вежы цаглінкі і разуменне сутнасці жыцця, свайго прызначэння на зямлі, духоўнага сталення. Назавем яе Вялікай.

Твор «Фрагменты Вавілонскай вежы» складаецца з 13 палотнаў – 13 фрагментаў Вавілонскай вежы, у якіх увасоблены фрагменты культур народаў сусвету, дзе Беларусь прадстаўлена «сімфоніяй» Мірскага замка.

Віктар Уладзіміравіч Альшэўскі нарадзіўся 21 верасня 1953 г. у в. Вугальшчына Магілёўскай вобласці. Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя І.В. Ахрэмчыка (1972), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага жывапісу (1980), творчыя майстэрні Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску (1984). Вучыўся ў Г.Х. Вашчанкі, В.В. Нямцова, М.А. Савіцкага. Творы знаходзяцца ў дзяржаўных і прыватных зборах Беларусі, Расіі, Германіі, Нарвегіі і інш.

Работа выстаўкі падоўжыцца да 22 красавіка 2010 года.

Вярнуцца >>