Пульс планеты

22 студзеня 2009 г. а 17 гадзiне ў Нацыянальным мастацкiм музеi Рэспублiкi Беларусь адбудзецца адкрыццё выстаўкi «Пульс планеты», на якой будуць прадстаўлены творы народнага мастака Беларусi Аляксандра Міхайлавіча Кішчанкі (1933-1997). Выстаўка прымеркавана да 75-годдзя з дня нараджэння творцы.

Над чым бы ні працаваў А. Кiшчанка – жывапіснымi палотнамi, габеленамi, манументальнымi мазаічнымi ці керамічнымi кампазіцыямi, – творы станавіліся адметнымі вехамі ў гісторыі беларускага мастацтва і адразу ім было наканавана доўгае жыццё. Талент, думкі Аляксандра Кішчанкі, яго мастакоўска-паэтычная філасофія заўсёды імкнуліся ў Космас і луналі ў іншым вымярэнні. Для яго былі непрымальнымі стандартныя памеры, уяўленні, каноны. А. Кішчанка ў ліку першых парушыў іх у беларускім мастацтве, унёс адметную філасофска-мастацкую стылістыку, эстэтыку амаль ва ўсе жанры мастацтва, а ў некаторых і заклаў сваю школу, аказаўшы ўплыў на выхаванне і станаўленне не аднаго пакалення мастакоў. Ён апярэджваў Час і таму не заўсёды быў зразуметы сучаснікамі. Мастак жыў і працаваў у дні заўтрашнім з неверагоднай, памножанай на талент, працаздольнасцю, любоўю і прагай да жыцця, спяшаючыся сказаць вельмі важнае.

Выстаўка працягнецца па 24 лютага 2009 г.

Вярнуцца >>