70-годдзе з дня заснавання

5 лістапада 2009 года Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь адзначыў 70-годдзе з дня заснавання.

На святочным мерапрыемстве Першы намеснік Міністра культуры Беларусі Уладзімір Пятровіч Рылатка зачытаў віншаванне ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, затым уручыў узнагароды лепшым супрацоўнікам музея. З вітальным словам да ўдзельнікаў імпрэзы звярнуўся дырэктар музея Уладзімір Іванавіч Пракапцоў. У сваім выступленні ён адзначыў, што гэта дата аб’ядноўвае не адно пакаленне супрацоўнікаў, намаганнямі якіх музей стаў галоўным музеем нашай краіны, цэнтрам высокай духоўнай культуры і мастацтва. Сённяшнія дасягненні – гэта вынік дзейнасці супрацоўнікаў музея некалькіх пакаленняў, у тым ліку асабісты ўклад кожнага супрацоўніка ў гісторыю музея. За шматгадовую добрасумленную працу і значны ўклад у музейную справу лепшым супрацоўнікам былі ўручаны ганаровыя граматы, падзякі і кветкі.

У рамках святкавання юбілею адбылася прэзентацыя кнігі заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, былога намесніка дырэктара музея па навуцы Ірыны Мікалаеўны Паньшынай «Что в имени тебе моем?». У гонар юбілейнай даты адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «З першага збору Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР 1939–1941 гадоў». У экспазіцыі прадстаўлены палотны з Беларускага дзяржаўнага сацыяльна-гістарычнага музея, музеяў Віцебска, Гомеля, Магілёва, Траццякоўскай галерэі, Эрмітажа, перададзеныя ў 1939–1941 гадах Дзяржаўнай мастацкай галерэі БССР (з 1957 – Дзяржаўны мастацкі музей БССР, з 1993 – Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь).

Вярнуцца >>