Алтарны жывапіс Беларусі XVIII – XIX ст.ст

23 лютага 2009 года а 17.00 гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыцце выстаўкі «Алтарны жывапіс Беларусі XVIII – XIX ст.ст». Гэта мерапрыемства пачынае юбілейнае святкаванне 70-годдзя з дня заснавання Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Прадстаўленыя на выстаўцы 33 абразы дэманструюць разнастайнасць сакральнага жывапісу Беларусі XVIII стагоддзя і разам з тым іканаграфічнае і стылёвае ўзаемапранікненне іканапісу і алтарнага абраза з храмаў розных канфесій.

Большая колькасць абразоў на выстаўцы прадстаўлена ўпершыню. Некаторыя з іх былі спецыяльна падрыхтаваны рэстаўратарамі для гэтай выстаўкі. Выстаўка ўпершыню найбольш поўна паказала феномен з’явы алтарнага жывапісу на Беларусі: яе шырокую распаўсюджанасць у храмах усіх хрысціянскіх канфесій – каталіцкіх і праваслаўных (як запрастольны абраз), разнастайнасць хрысціянскіх сюжэтаў, звязаную з асаблівасцямі рэлігійных традыцый на Беларусі, тэхналагічныя асаблівасці напісання (палатно, дошка, разьба, алей, тэмпера), арыентацыю на найлепшыя ўзоры заходнееўрапейскага мастацтва ў спалучэнні з яскравасцю мясцовага менталітэту і лакальных традыцый.

Прэс-канферэнцыя з нагоды адкрыцця выстаўкі адбудзецца а 15.30.

Вярнуцца >>