З рукатворных крыніц

25 лютага а 17 гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыцце выстаўкі Уладзіміра Паўлавіча Хадаровіча “З рукатворных крыніц”.

Вядомы жывапісец Уладзімір Хадаровіч валодае рэдкім талентам тонкага каларыста. У сваёй творчасці ён арганічна спалучае дакладнае адлюстраванне натуры з глыбінёй духоўнага зместу культурнай спадчыны Беларусі.

Мастак, працуючы ў розных жанрах, аддае перавагу нацюрморту, у якім нязменна прысутнічае блізкасць да вечных каштоўнасцей жыцця – рэчаў нацыянальнага сялянскага побыту і традыцыйнай культуры Беларусі. Мастак распрацаваў сваю аўтарскую канцэпцыю: сувязь з этнічнымі вытокамі праз прадметны сімвалізм.

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, фондах Беларускага саюза мастакоў, у прыватных калекцыях і галерэях Беларусі і за мяжой – у Англіі, Аўстрыі, Германіі, Італіі, Польшчы і іншых краінах.

Выстава працуе да 16 сакавіка 2009 года.

Вярнуцца >>