Сустрэча з мастаком А.Г. Задорыным

Ужо добрай традыцыяй становяцца сустрэчы з мастакамі і не толькі ў межах персанальных выствак, але і ў фармаце дыялога.
Заўсёды існавала цікавасць да таго, што з’яўляецца першакрыніцай творчасці і, як правіла, застаецца за рамкамі твора: думкі, выявы, адчуванні і перажыванні мастака, а таксама ўзаемаадносіны мастака з рынкам мастацтва, галерыстамі, прадстаўнікамі музеяў.

На гэты раз, 22 верасня 2009 г., сваім жыццёвым і творчым вопытам падзяліўся вядомы беларускі мастак Андрэй Германавіч Задорын, які з 1997 г. жыве і працуе ў Галандыі. Мастак нарадзіўся ў в. Бярозаўка Пермскай вобласці (РСФСР) у 1960 г. З дзяцінства шмат маляваў, займаўся ў дзіцячых мастацкіх студыях С.П. Каткова, В.Ф. Сумарава.

Андрэй Германавіч Задорын скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут аддзяленне станковага жывапісу (1980–1984 гг.). Вучыўся ў творчых майстэрнях пры Акадэміі мастацтваў СССР у народнага мастака СССР М.А. Савіцкага (Мінск, 1987–1990).

Падчас гутаркі мастака з супрацоўнікамі музея, калегамі і журналістамі закраналіся пытанні не толькі выключна творчыя, але і звязаныя з прасторай сучаснага арт-рынка.

Андрэй Германавіч Задзорын з’яўляецца прадстаўніком пакалення мастакоў, фарміраванне якога прыпала на перыяд “перабудовы”. Адсюль і тыя змены, якія мы можам назіраць у мастакоўскай манеры, вобразнай сістэме аўтара. Спачатку мастак працаваў у больш фармальнай манеры, цяпер кола яго інтарэсаў змясцілася да больш рэалістычнага, класічнага жывапісу. Мастак працуе са святлом, эксперыментуе з акцэнтамі ў асвятленні. Андрэй Германавіч захапляецца эфектам старой фатаграфіі савецкага часу, у асноўным, партрэтамі. Майстар злучае ў сваіх працах адчуванне дня сённяшняга з пачуццём настальгіі па дні ўчарашнім, тлумачачы каштоўнасць успаміну, як крытэрыя аўтарскай характарыстыкі адлюстраваных асоб.

Творы мастака знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (Мінск), Дзяржаўнай Траццякоўскай Галерэі (Масква), Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Рэспублікі Беларусь (Мінск), Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі (Масква), Беларускага саюза мастакоў (Мінск), у муніцыпальных і прыватных калекцыях Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Нідэрландаў, Расіі, ЗША, Францыі.

Вярнуцца >>