Карнавал Андрэя Смаляка

З 11 снежня 2008 па 12 студзеня 2009 года на галерэі і ў фае Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь пройдзе выстаўка пад святочнай навагодняй назвай "Карнавал" вядомага беларускага мастака Андрэя Смаляка. На ёй будуць экспанавацца каля ста жывапісных твораў.

Мастак працуе ў традыцыйных жанрах тэматычнай карціны, пейзажа, партрэта. Вытокі творчасці бачны вельмі выразна, але ў Смаляка гучаць па-новаму. Закаханасць у мастацтва мінулага, у вялікіх старых майстроў прысутнічае ў кожнага мастака, які думае. У творчасці Андрэя Мікалаевіча злучаюцца традыцыйнасць і навізна. Традыцыйнасць, якая ідзе з велізарнага шматвяковага вопыту, і навізна, якая жывіцца цікавасцю мастака да сучаснасці, памножаная на талент.

Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з шырокай серыяй аўтапартрэтаў. Кожны яго аўтапартрэт – псіхалагічнае даследаванне, адкрыццё, дасягнутае праз вызначаны эмацыянальны стан. Катрыпціх "Аўтапартрэты" (1999) – даніна захапленняў заходнееўрапейскім жывапісам. 
У некаторых партрэтах – "Партрэт народнага артыста СССР, кампазітара Эдуарда Ханка" (2006), "Лодачнік" (2006) – жывапіс нясе філасофскую нагрузку, некаторая утрыраванасць і ідэалізацыя перадаюць ўнутраны стан партрэтуемых.

Асобную групу складаюць жаночыя партрэты. Першае месца ў іх належыць жонцы Вользе. Вялікая колькасць палотнаў прысвечана тэатру і цырку. Сярод іх – цудоўны па колеры "Мой тыдзень" (2004). Серыя "Партрэты колераў" (1997) складаецца з сямі карцін, у якіх ёмістая сімволіка спалучаецца з асацыятыўным мысленнем і ўяўленнем.

Артыстычны, экстравагантны і эпатажны па натуры Андрэй Смаляк парадуе гледача сваімі яркімі і маляўнічымі творамі ў пачатку і пад час Навагодніх і Калядных свят. Яго мастацтва нагадвае аб тым, як шмат прыгажосці ў навакольным свеце. Сваімі знаходкамі, усім багаццем уражанняў майстар шчодра дзеліцца з намі – сваімі гледачамі.

Вярнуцца >>