Адкрыццё выстаўкі "Праваслаўная ікона Расіі, Украіны, Беларусі"

30 верасня 2008 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі "Праваслаўная ікона Расіі, Украіны, Беларусі", прымеркаванай да 1020-годдзя Хрышчэння Русі, а таксама 30-годдзя архіпастырскага служэння на зямлі Белай Русі Высокапраасвяшчэннейшага Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Фёдаравіч Матвяйчук; Высокапраасвяшчэннейшы Філарэт, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх ўсяе Беларусі; Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Аляксандравіч Сурыкаў; Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ліховы Ігар Дзмітрыевіч; генеральны дырэктар Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі Валянцін Аляксеевіч Радзівонаў; генеральны дырэктар Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага гісторыка-культурнага запаведніка Сяргей Паўлавіч Кралявец; дыпламатычны корпус і іншыя ганаровыя госці.

Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Іванавіч Пракапцоў адкрыў выстаўку. Затым міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Фёдаравіч Матвяйчук зачытаў прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі арганізатарам і ўдзельнікам выстаўкі "Праваслаўная ікона Расіі, Украіны, Беларусі".

Высокапраасвяшчэннейшы Філарэт, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі пасля прывітальных слоў узнагародзіў ордэнамі Беларускай праваслаўнай царквы дырэктараў музеяў Расіі, Украіны і Беларусі, а таксама ўручыў спецыяльныя граматы Беларускага Экзархата да 1020-годдзя Хрышчэння Русі куратарам выставачнага праекта, якія непасрэдна займаліся падрыхтоўкай і правядзеннем выстаўкі ў Маскве, Кіеве і Мінску. З прывітальным словам таксама выступілі генеральны дырэктар Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі Валянцін Аляксеевіч Радзівонаў і генеральны дырэктар Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага гісторыка-культурнага запаведніка Сяргей Паўлавіч Кралявец.

Пасля цырымоніі адкрыцця пад гукі праваслаўных песнапенняў ганаровыя госці прайшлі ў выставачныя залы для агляду экспазіцыі.

На выстаўцы "Праваслаўная ікона Расіі, Украіны, Беларусі" экспануецца 88 твораў іканапісу XIV–XIX стагоддзяў з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (Масква), Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага гісторыка-культурнага запаведніка (Кіеў), Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (Мінск). У экспазіцыі ўпершыню прадстаўлена мастацкая спадчына трох славянскіх народаў, аб'яднаных агульнымі вытокамі, якія абагацілі мастацтва іканапісу непаўторнымі нацыянальнымі рысамі.

Выстаўка працуе да 9 лістапада 2008 года.

Вярнуцца >>