Ушаноўваць памяць

26 кастрычніка 2007 года ў Пружанах (Брэсцкая вобласць) урачыста была адкрыта памятная дошка ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілеўны Аладавай – заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, мастацтвазнаўцы, знакамітага дырэктара мастацкага музея (Дзяржаўнай карціннай галерэі, потым Дзяржаўнага мастацкага музея БССР і цяпер – Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь). А.В. Аладава з 1944 па 1977 кіравала калектывам музея, і дзякуючы ёй практычна нанова была сабрана унікальная мастацкая калекцыя.

Алена Васілеўна Аладава нарадзілася ў Пружанах 22 мая 1907 года ў сям’і настаўнікаў гарадской чатырохкласнай школы Васіля Ісаевіча Пука (1882–1931) і Алены Сільвестраўны Пук (Карпызавай) (1885–1925). У Пружанах прайшло ранняе дзяцінства Аладавай, тут захаваўся будынак школы пачатку ХХ стагоддзя, дзе, магчыма, пазнаёміліся і настаўнічалі бацькі Аладавай з 1904 года.

Памятны знак быў устаноўлены на будынку архітэктурнага помніка сярэдзіны XIX стагоддзя музея-сядзібы “Пружанскі палацык”. Вельмі прыемна, што ініцыятыва належала мясцоваму кіраўніцтву і асабіста начальніку аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Юрыю Міхайлавічу Котаву.

Адкрыццё праходзіла афіцыйна-ўрачыста. Былі запрошаны госці з Мінска: супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея (У.І. Пракапцоў, В.Ф. Баслык, С.А. Шукан, В.У. Вайцэхоўская, В.А. Архіпава, Дз.М. Казлоў) і родныя А.В. Аладавай.

Вядучай адкрыцця была дырэктар Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Пружанскага раёна Наталля Канстанцінаўна Супрыновіч. Словы пашаны выказалі: першы намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Мікалай Пятровіч Кудравец, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Іванавіч Пракапцоў, які падараваў райвыканкаму, бібліятэцы і “Пружанскаму палацыку” кнігу пра Аладаву і апошнія музейныя выданні.

Шчырыя словы падзякі прагучалі ад дзяцей Аладавай архітэктара Вальмена Мікалаевіча Аладава і музыказнаўцы і выкладчыка Радаславы Мікалаеўны Аладавай.

Дырэктар “Пружанскага палацыка” Юрый Сяргеевіч Зялевіч, а потым Леанід Міхайлавіч Несцярчук (кандыдат гістарычных навук, галоўны спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Брэсцкай вобласці, старшыня грамадскага аб’яднання імя Тадэвуша Касцюшкі) падкрэслілі значнасць падзеі і неабходнасць ажыццяўлення рознабаковых марапрыемстваў па ўшанаванню памяці знакамітых асоб Беларусі не толькі ў сталічным асяродзі, а па ўсёй рэспубліцы.

Пасля ўрачыстага адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў гасцінай зале “Пружанскага палацыка” адбыўся канцэрт, у якім выступілі камерны хор выкладчыкаў Пружанскай школы мастацтваў імя Рыгора Раманавіча Шырмы пад кіраўніцтвам Якава Сямёнавіча Малайчука, камерны аркестр навучэнцаў гэтай школы і асобныя вучні і выкладчыкі з музычнымі кампазіцыямі XIX–XX стагоддзя. Музыка для сям’і Аладавых мела выключную ролю. Муж Аладавай Мікалай Ільіч (1890–1972) – вядомы беларускі кампазітар. Для гасцей урачыстасці была праведзена экскурсія па экспазіцыі “Пружанскага палацыка” і па гораду.

Пружаны – утульны і прыгожы горад, з цікавай гісторыяй і унікальнымі помнікамі архітэктуры. Гасцінная атмасфера зарадзіла ідэі новых святочных мерапрыемстваў і выставачных праектаў, якія магчыма ажыцяўляць у гэтым горадзе.

Вольга Архіпава, навуковы супрацоўнік
Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Вярнуцца >>