КАЛЕКЦЫЯ СТАНКАВАЙ ГРАФІКІ ПЕРЫЯДУ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ Ў ЗБОРАХ НММ РБ

КАЛЕКЦЫЯ СТАНКАВАЙ ГРАФІКІ ПЕРЫЯДУ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ Ў ЗБОРАХ НММ РБ

 Калекцыя станковай графікі перыяду Вялікай Айчыннай вайны прадстаўлена ў НММ РБ больш чым 200 творамі, аўтарамі якіх з’яўляюцца 36 мастакоў. Яна заснавана на паступленнях ад саміх мастакоў, іх сем’яў, пачынаючы з 1945 г. У калекцыю ўваходзяць  партрэты, малюнкі з натуры, рэпартажныя накіды тагачасных падзей, замалёўкі інтэр’ераў, экстэр’ераў, эскізныя праекты будучых палотнаў. Тэхніка гэтых твораў вельмі разнастайная ў залежнасці ад таго, што было ў распараджэнні мастакоў: аловак, вугаль, акварэль, пастэль, соус, змешаная тэхніка, лінагравюра. У зборы ўваходзяць аркушы, выкананыя мастакамі-воінамі Савецкай арміі, партызанамі, мастакамі, якія жылі ў эвакуацыі, на акупіраваных тэрыторыях. Гэта С. Андруховіч, І. Ахрэмчык, І. Белановіч, Л. Бойка, Г. Бржазоўскі, А. Волкаў, Н. Галоўчанка, П. Гаўрыленка, П. Гуткоўскі, І. Давідовіч, Ф. Дарашэвіч, М. Дучыц, В. Ждан, М. Жытніцкі,  Я. Зайцаў, Б. Звінагродскі, С. Каткоў, Я. Красоўскі, М. Керзін, А. Кроль, У. Кудрэвіч, Р. Кудрэвіч, Л. Лейтман, Б. Малкін, М. Манасзон, А. Марыкс, П. Пагодзін, С. Раманаў, Л. Ран, П. Сергіевіч, І. Стасевіч, М. Тарасікаў, А. Ткачонак, А. Тычына, М. Філіповіч, С. Юдовін. Усе яны мелі прафесійную адукацыю, якую набывалі ў навучальных установах Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі. Віцебскі мастацкі тэхнікум скончылі  С. Андруховіч, А. Волкаў, Г. Бржазоўскі, Н. Галоўчанка, П. Гаўрыленка, І. Давідовіч, В. Ждан, Я. Зайцаў, Я. Красоўскі, А. Кроль, Р. Кудрэвіч, М. Манасзон, Л. Ран, М. Тарасікаў.  Вышэйшую адукацыю мелі І. Ахрэмчык, Ф. Дарашэвіч, М. Жытніцкі, Я. Зайцаў, М. Керзін, Я. Красоўскі, А. Марыкс, П. Сергіевіч, М. Тарасікаў, М. Філіповіч. Пасля вайны вышэйшую адукацыю атрымалі І. Белановіч, І. Стасевіч. Па сваіх мэтах і задачах творы калекцыі складаюць тры тэматычныя групы з умоўнай назвай : 1. Нашэсце. 2. Супраціўленне. 3. Перамога. У першую ўваходзяць аркушы, выкананыя ў 1941–1943 гадах, што адлюстроўваюць нечаканасць фашысцкага нашэсця і безабароннасць мірнага насельніцтва. Большасць іх носіць назву “Бежанцы”. Да другой групы адносяцца творы, выкананыя ў 1943–1945 гг. Іх сюжэтамі сталі жыццё і быт  партызан,  воінаў рэгулярных часцей Чырвонай арміі.  Трэцюю  групу складаюць творы, з’яўленне якіх прыпадае на 1944–1945 гг. У аснове іх сюжэтаў – пейзажы разбуранай Беларусі, кампазіцыі на тэму  няздзейсненых планаў агрэсараў, замалёўкі  разбураных альбо ўцалелых  гістарычных помнікаў Германіі, Венгрыі і інш.

Своеасаблівай прэлюдыяй да ваеннай тэмы можна лічыць  пейзаж П. Гуткоўскага “Набярэжная ракі Свіслач”. У аснове – тыя змены, якія адбываюцца ў жыцці краіны, паказ  велічы і  значэння  сталіцы Беларусі, што  вырашаецца  праз кантраст  светлага неба са шпілямі вежаў  на плошчы Волі і  чорнага змроку на дахах  дамоў  уздоўж ракі. Нам невядома, калі канкрэтна стваралася гравюра, але, без усялякага сумнення,  гэта былі часы  моцных эмацыянальных  зрухаў.  На нашу думку, гэты пейзаж-сімвал   шмат што  азначаў і для лёсу  сям’і Гуткоўскіх: у  1930-м г. быў расстраляны  брат  мастака Мікалай – навуковы сакратар Інбелкульта, а ў гады вайны  за сувязь з партызанамі –  сын мастака  Мікалай.

Тэма нашэсця ворагаў на нашу зямлю асэнсоўвалася мастакамі праз паказ бежанства безабароннага насельніцтва ад авіяцыйных бамбардзіровак  і налётаў (вядомым з’яўляецца факт, што 24 чэрвеня Мінск быў знішчаны на 85%). Трагічнае гучанне тэмы “зыходу” з родных мясцін  знайшло  адлюстраванне ў творах  Ф. Дарашэвіча, М. Жытніцкага, Я. Зайцава,  Б. Малкіна.  Іх вачыма мы бачым пячныя коміны, абгарэлыя дрэвы і выпаленую шэра-чорную зямлю, а ўздоўж дарог,  палеглых хат цягнуцца   вераніцы людскога натоўпу.  Нечаканасць вайны і негатоўнасць  да супраціўлення складаюць аснову   сюжэта малюнка  Я. Зайцава (1942 г.), дзе  чстка ўцякачоў ужо не мае сіл рухацца наперад: на дарозе застаюцца жанчыны з дзецьмі, старыя.  Кампазіцыя будуецца такім чынам, што паўстае пытанне: адкуль з’явіліся гэтыя людзі і што іх чакае далей?

Незразумелы і далейшы лёс дзяўчынкі, што засталася каля сваёй забітай маці, у  творы “1941 год” (1943) мастак М. Жытніцкі. Ён падводзіць гледача да разумення, што вайна для дзяцей – гэта самая страшэнная ў свеце трагедыя. Кампазіцыю дапаўняе  аграмаднае полымя, што засцілае поле і неба, а забойцы-сцярвятнікі, якія зрабілі сваю чорную справу, ператварыліся ў маленькія чорныя кропкамі на самым гарызонце. Б. Малкін – аўтар серыі чорных акварэляў   “Па слядах вайны” (1942–1944), дзе паказана  спаленая і разбураная беларуская зямля. А замест палеткаў, дамоў і садоў засталося жудаснае відовішча з абгарэлымі дрэвамі і пранізлівай цішынёй. Людзям у такіх умовах не будзе прытулку.  Куды ім ісці зараз? – пытаецца мастак.  Кампазіцыя  “Бежанцы”  складаецца з выявы велізарнай варонкі ў цэнтры аркуша, якая засталася ад разарванага снарада. Ад старажытнай забудовы і сада навокал засталіся толькі пасечаныя  асколкамі дрэвы. На пагорках такіх пейзажаў-прывідаў мастак малюе  толькі адзінокія пячныя коміны. Малюнак  Ф. Дарашэвіча “Бежанцы” (1943) мае больш аптымістычны характар: лес становіцца надзейным дахам для дзвюх жанчын. На руках адной з іх – малое дзіця, завернутае ў коўдру. Лёс малых  дзяцей, што засталіся на руках жанчын, хвалюе. Гэта таксама тэма, якую аўтар будзе распрацоўваць надалей. Тэма  “зыходу”, як адна з трагічных тэм у сусветным мастацтве,  уваходзіла ў беларускае  мастацтва  як гістарычна апраўданая: акупанты спалілі і разбурылі 209 гарадоў, 9200 вёсак. Загінуў кожны трэці. Але ў мастацтве гэтыя факты доўгія дзесяцігоддзі не знаходзілі свайго адлюстравання, а паказ няшчасцяў і ахвяр трактаваўся амаральнай праявай.

Тэма Беларусі-партызанкі ў мастацтве ўзнікла  разам з партызанскім рухам. У музейных зборах яе можна ўбачыць на аркушах  С. Раманава і  Г. Бржазоўскага. Асабістая біяграфія Раманава ўключае ў сябе вучобу ў Маскоўскім вучылішчы 1905 г. (1940), з пачатку вайны – ён малады баец Чырвонай арміі, потым трапіў  у палон,  збег, а з 1943 г. – у шэрагу беларускіх змагароў. Пасля заканчэння вайны застаўся жыць у Мінску. Яго баявое юнацтва знайшло адлюстраванне ў партрэтах   разведчыкаў, падрыўнікоў, гвардзейцаў, дзе галоўнымі якасцямі былі гатоўнасць да барацьбы ў імя перамогі над ворагам. На аркушых занатаваны розныя праявы жыцця, быту, барацьбы “лясных братоў”: зборы, прывалы, разведка, хаты-зямлянкі,  узяцце “языка”, чытанне  сводак Інфармбюро і г.д. Найбольш тыпічны партрэт – выява партызана восьмай рагачоўскай брыгады П. Часнова. Аўтар “упісвае” фігуру героя ў яго  роднае асяроддзе – зямлянку. Фонам сталі сцены, выкладзеныя з дрэва. Абмундзіраванне партызана – вінтоўка, патранташ з патронамі,  рамень  паверх гімнасцёркі. Малюнкі рабіліся з кожнага партызана, форма якога дапаўнялася шынялём, шапкай-вушанкай, аўтаматам і г.д. У распараджэнні партызанскага актыву – сані, запрэжаныя коньмі, газеты, агітацыйныя плакаты. У складзе баявых падраздзяленняў ёсць і маладыя жанчыны. Кампазіцыя “Партызанская разведка” – тыповы прыклад з жыцця баявога падраздзялення, калі дзеля новых дадзеных аб знаходжанні ворага выязжалі на дарогі, у поле. У гэтым аркушы на супастаўленні белага поля і чорных фігур партызан на конях раскрываецца ідэя партызанскага змагання, калі белае поле, нібыта сімвал спакою і нерухомасці, можа стаць полем бою супраць  няпрошаных гасцей. Творы С. Раманава, быццам дакументальныя кадры, ілюструюць працэсы супраціўлення беларускага народа фашызму. Творы эспанаваліся на выстаўцы партызанскіх малюнкаў і “баявых лісткоў” у гонар восьмай Рагачоўскай партызанскай брыгады (1944).

Героі Г. Бржазоўскага таксама пазіруюць у поўнай баявой гатоўнасці: яны перапаясаны рамнямі, палявымі сумкамі,  узброены  аўтаматамі і кулямётамі, і ў  кожную хвіліну гатовы да выканання баявой аперацыі. Твары маладых байцоў вылучаюцца адкрытасцю, спакоем, разважанасцю. Аўтар імкнецца падкрэсліць, што мэта іх жыцця – выратаваць Радзіму, дзеля чаго яны гатовы ісці на смерць. Найбольш красамоўна гэтая ідэя выяўлена ў партрэце Сарокі, капітана, камандзіра партызанскага атрада імя М.І. Калініна (1943). Перад намі не толькі камандзір, але яшчэ і гаспадар сваёй зямлі і ўпэўнены ў сваёй справе чалавек. Аб гатоўнасці да барацьбы сведчыць яго поза, вельмі характэрная для вобраза баявога камандзіра. У руках – аўтамат, на рамнях – палявая сумка,  побач – гранаты. Усё вельмі натуральна размешчана на яго сялянскім кажуху. Малюнак “Партызаны” (1944) успрымаецца гледачом як  сведчанне  паразумення і  адзінства – плячо да пляча.

У аснову пейзажа Б. Звінагродскага “Зіма” (1944) лёг матыў самотнай старажытнай забудовы, што  дрэмле ў гурбах белага снегу. Тэма роднага кута кранае шчырасцю  і рэалізмам.  Распрацаваны сюжэт быў блізкі аўтару, які ў той час жыў далёка ад роднага дому. Вядома, што Б. Звінагародскі разам з мастакамі З. Азгурам, В. Козак і А. Шаўчэнкам прымаў удзел у выданні ілюстраванага агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну!”, першы нумар якога быў выдадзены ў 1941 годзе ў Гомелі, працягваў выдавацца ў Маскве, а з ліпеня 1944 года – у Мінску. На яго старонках друкаваліся малюнкі  І. Ахрэмчыка, Я. Зайцава, Я. Красоўскага, Б. Малкіна, М. Філіповіча і інш.

Менавіта ў Маскве – непарушным цэнтры барацьбы з фашызмам – быў створаны штаб партызанскага руху, а ў канцы 1942 г. узноўлена работа праўлення Саюза савецкіх мастакоў БССР. Па выкліку Саўнаркома БССР адусюль збіраліся творцы. З Навасібірска прыбылі Б. Малкін, Я. Красоўскі (узначаліў аддзел мастацкага афармлення БДВ), з фронта – П. Гаўрыленка, з  Беларусі – Я. Зайцаў (працаваў у штабе партызанскага руху), С. Лі, У. Сухаверхаў, Л. Ран,  М. Абрыньба, М. Гуціеў і інш. Тут адбываліся сустрэчы з кіраўніцтвам партызанскага руху, воінамі, абмяркоўваліся навіны з франтоў.  Шмат якія з вядомых мастацкіх твораў – жывапісных шматфігурных палотнаў, партрэтаў, графічных серый, скульпутрных выяў герояў барацьбы за вызваленне – праходзілі ў Маскве сваю першую апрабацыю. Я. Зайцаў – аўтар шэрага малюнкаў і эскізаў да будучых жывапісных палотнаў,  дзе знайшлі адлюстраванне пртызанскі рух на Беларусі, адзінства народа і яго абаронцаў. Малюнкі “Першыя “Кацюшы”, якія ўпершыню “загаварылі” ў Оршы, “Пераправа” – пра дзейнасць партызан на Палессі, “Пахаванне героя” і інш. у значнай ступені сведчаць аб актыўнай творчай працы мастака. У такім жа напружаным тэмпе працаваў П. Гаўрыленка. Ён – аўтар  малюнка “Партызаны на  прывале”, дзе занатаваны адзін з момантаў правядзення ваеннай аперацыі. Для будучага палатна мастак выканаў шэраг пейзажаў, занатаваў асобныя  матывы жыцця партызан. Тэма аб вывазе  беларускай моладзі ў Германію знайшла адлюстраанне ў кампазіцыі  “У рабства”  і інш.  Па заказу БДМ мастак Л. Ран стварае серыю партрэтаў найбольш вядомых барацьбітоў. Гэта партызаны і падпольшчыкі А. Супрыдзін і А. Хазанаў, мастакі-партызаны  У. Сухаверхаў і С. Лі. Сюды ж увайшлі партрэты артыста Г. Грыгоніса,  кампазітара Я. Цікоцкага і інш. Ідэя твораў – гонар за свой народ, які заставаўся нязломным у суровых выпрабаваннях.

У радах Савецкай Арміі змагаліся С. Андруховіч, М. Манасзон, М. Тарасікаў, В. Ждан, С. Каткоў, А. Кроль, І. Белановіч, Л. Лейтман, І. Стасевіч. На шмат якіх  аркушах С. Андруховіча, які маляваў з натуры сваіх саслужыўцаў, засталіся прозвішчы: Турэцкі, Рыбчынскі, Васілевіч, Зубянкоў, Заяц, Тарашка, Бекушаў. Серыя твораў І. Давідовіча прысвечана ролі  паветраных войск, дзе праз выявы лётчыкаў Шатурына і Шылава падкрэсліваецца іх асобная значнасць, а таксама гатоўнасць і рашучасць у справе выканання  ваенных планаў. У жанравай кампазіцыі “Шчаслівага шляху!” распрацаваны сюжэт аб аб’яднанні народа і арміі: жанчына і маленькі хлопчык пасылаюць прывітанне лётчыкам, якія накіроўваюць сваю машыну  для знішчэння захопнікаў.  Трыццаць малюнкаў-рэпартажаў  М. Манасзона склалі серыю малюнкаў пад назвай “Франтавыя замалёўкі” (1942–1943 гг.), ілюструючы службу і быт салдат. Шмат якія з накідаў даюць магчымасць  пазнаёміцца з гатовымі да бою  пушкамі, танкамі, рознымі відамі  машын. І гэта незнарок – вайна кацілся на Захад.  Праходзячы праз Беларусь, мастак не мог абысці ўвагай   бязлітасныя разбурэнні, што бачыў  у Магілёве і  Жлобіне. Сталіца Беларусі прадстаўлена вуліцамі Савецкай і Ленінскай, што стаяць з аголенымі сценамі і разбітымі комінамі.  Уражанне перажытага пекла  кранае душу мастака. Пэўна, што ён маляваў і для памяці, для будучага. Аркушы салдата пятай арміі Трэцяга Беларускага фронта С. Каткова на тэму паходу на Берлін знайшлі адлюстраванне ў серыі аркушаў пад назвай  “На шляху да Кёнігсберга”, “Мяжа Усходняй Прусіі”. Армія Каткова ішла ад Масквы да Кёнісберга. Дарэчы, пры палітаддзеле арміі Каткоў сумяшчаў функцыі мастака-агітатара, прапагандыста  і фотакарэспандэнта.  Шлях на Захад занатаваны ў шматлікіх альбомах і аркушах. Тут можна бачыць выявы  мастоў, перапраў, палёў, што раскінуліся  на   прасторы неба да самога гарызонта. У 1944 г. мастак браў удзел у выстаўцы мастакоў Трэцяга Беларускага фронта, якая была арганізавана ў Каўнасе. Альбом з яго замалёўкамі  быў набыты музеем Савецкай арміі (раздзел “Мастакі на фронце”). І. Белановіч – удзельнік Сталінградскай бітвы, удзельнік узяцця Берліна, аўтар малюнкаў з выявамі культурных помнікаў, сярод якіх “Брандэнбургскія вароты“, “Берлін, Кайзенштрасе” (1945) і інш. Яны перададзены з фатаграфічнай дакладнасцю, на іх можна ўбачыць сляды куль і снарадаў, як сімвалы перамогі над фашызмам. Творы І. Белановіча на тэму Перамогі экспанаваліся на юбілейнай рэспубліканскай  выстаўцы “У святле нязгасальнай памяці” ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі. Мастак А. Кроль не абышоў увагай экстэр’еры  гісторыка-мастацкага музея ў Вене, помнік Марыі Тэрэзіі,  выявы класічных   калон  і асобных куткоў  плошчы перад музеем. У  Венгрыі  маляваў  возера Балатон (1945) і  вуліцы  г. Хевіз.

Значнае месца ў агітацыйнай публіцыстыцы гэтага перыяду пачалі  займаць такія сродкі сатырычнай карыкатуры, як шарж і гратэск. І гэта заканамерны факт: найвышэйшага росквіту гэта мастацтва дасягала ў часы вялікіх сацыяльных змен і пераломаў  у жыцці грамадства. Вядома, што  часы некаторага ўздыму сатыры змяняліся  дзесяцігоддзямі  маўчання, аб чым  сведчылі папярэднія  1920-я і 1930-я гг. Але менавіта перыяд Вялікай Айчыннай вайны стаў  важным этапам у развіцці ўсіх жанраў беларускай выяўленчай сатыры. Фышызм даў магчымасць больш красамоўнага паказу яго агрэсіі ў першыя гады вайны, а таксама поўнага правалу ідэалогіі ў канцы. У  калекцыі музея  сатырычныя жанры  прадстаўлены гравюрамі  М. Тарасікава і малюнкамі  В. Ждана.

Вялікі сацыяльны і грамадскі змест, палітычная завостранасць, нацыянальны каларыт – вось галоўныя асаблівасці серыі лінагравюр М. Тарасікава “Вялікая Айчынная вайна” (1944),  якая складаецца з шасці аркушаў. У гравюры “Фрыцы” падкрэсліваецца іх падабенства з чорнымі крумкачамі, што лятаюць над віселіцамі з людзьмі. Самі фашысты прадстаўлены ў вобразе групы хаўруснікаў, што нахабна  пазіруюць на фоне сваіх злачынстваў. Твары іх самаўпэўненыя і нахабныя: яны  ўзброены не толькі баявым арсеналам, але і знакамітай ідэяй аб “радасці нажа”, пра якую марыў для “звышчалавека” Ніцшэ. На касках – свастыка, у руцэ – нож. На наш погляд, творы Тарасікава маглі б стаць яскравай  ілюстрацыяй да аповесці А. Адамовіча “Карнікі. Радасць нажа, або жыццяпіс гіпербарэяў”. Аркуш  “Апошні фрыц” фіксуе  апошнюю “позу” захопніка з паднятымі да гары рукамі.  Толькі на нагах не бліскучыя боты, а сплеценыя з саломы лапці, на плячах – мяшок з-пад бульбы. Аснову мастацкай мовы складаюць такія прыёмы, як гратэск і гіпербала, што дапамаюць зразумець тую нечалавечую героіку, якая была задумана і часткова ажыццёўленая на Беларусі. У аркушах “Трафеі” мастак знайшоў новыя сродкі выразнасці, якой становяцца кампазіцыі з выявамі падбітай тэхнікі – гармат, танкаў, кулямётаў. У выніку атрымаліся унікальныя дэкаратыўныя распрацоўкі гэтых смертаносных ўзораў знішчэння чалавека. На нашу думку, гэтыя “карцінкі” ваенных трафеяў не маюць аналагаў у мастацтве. На думку мастака Перамога-- новы свет мастацтва, што пераверне старыя ўяўленні аб яе ролі ў жыцці народа. Вось што пісаў аб гэтым сам аўтар: “Найвялікшая Перамога патрабуе найвялікшай перамогі ў мастацтве – адкрыцця і працы” (Ліст да А.Бембеля. 1945г.).  Шматзначным прачытваецца і “Эцюд” з комінамі на папялішчах і чорнымі  клубамі дыму вакол іх.  Гэта таксама не малюнак з натуры, гэта – рэха вайны ў выглядзе мастацкіх вобразаў. Эмацыянальным настроем напоўнена трохчасткавая кампазіцыя-аркуш “Не забудзем, не даруем!”, дзе галоўнай выявай за’яўляецца галава ўзбуджанага ад адчаю чалавека з шырока раскрытымі вачыма. Знізу – агонь, які ўздымаецца ад дахаў дамоў да самага неба. Замалёўкі да гэтай серыі мастак рабіў на Украіне, Беларусі, Літве.

Мастак рэдакцыі чырвонаармейскай газеты “На страже” В. Ждан – аўтар  агітацыйных плакатаў і карыкатур, якія выкрываюць планы захопнікаў праз супастаўленні ў  часе: спярша білі ў барабаны ў гонар пераможных аперацый пад назвай “Бліц-крыг”, а потым – здаюцца маладому чырвонаармейцу, узняўшы  рукі да неба. Да вобраза фашызму на плакаце “Раздавім гадзіну!”, што душыць маці і дзіця. Аўтар знайшоў патрэбную метафару: змяя з галавою Гітлера. Характэрнай рысай падыходу да стварэння  сатырычных вобразаў стала іх тыпізацыя, а таксама перабольшанне характэрных адмоўных рыс галоўных герояў з мэтай іх высмейвання. У аснове задумы, часцей за ўсё, ляжыць дасціпны сюжэт, альбо нечаканае супастаўленне, параўнанне, а таксама камічныя дэталі. Сатырычная графіка Ждана, які ваяваў у радах арміі Закаўказскага фронта, неаднаразова экспанавалася на выстаўках ваенных мастакоў, на Усерасійскай мастацкай выстаўцы ў Маскве ў 1944 г.

Асобны раздзел складаюць творы, выкананыя мастакамі за межамі Беларусі. Так, геаграфія эвакуацыі Л. Лейтмана ўключае ў сябе Гжацк, Клязьму, Валакаламск, Каменку, Матронава, Калугу, Арэхава-Зуева. У кампазіцыі “На заклік Радзімы” адлюстроўваецца момант подзвігу жанчын, якія капаюць абаронныя рвы пад Масквой. Мастачка Н. Галоўчанка жыла ва Узбекістане. Гэты перыяд (1942–1945) увайшоў у яе творчасць серыяй акварэлей у жанрах партрэта, пейзажа, нацюрморта, на якіх адлюстраваны знакамітыя архітэктурныя забудовы (“Самарканд”),  старажытныя музычныя інструмены (“Нацюрморт з домбрай”), тыпы мясцовага насельніцтва (“Усходні рынак”, “Узбечка”). Кожны з іх  сведчыць аб накірунках пошукаў аўтара,  якая лічыла сваім абавязкам адлюстраваць культуру народа, сярод якога жыла і працавала. Шэраг лірычных і індустрыяльных пейзажаў Расіі ў розныя поры года (пастэль, акварэль) выканаў У. Кудрэвіч,  які жыў спачатку ў Сібыры.  Р. Кудрэвіч выканала  свой “Аўтапартрэт” у тэхніцы акварэлі (1945). Гэта вельмі сімвалічны твор. Здаецца, што час яго напісання – дзень Перамогі, аб чым сведчыць шчаслівы твар і шырока адкрытыя вочы дзяўчыны,  якая  радуецца  новаму жыццю,  што прыйшло на змену  ваенных турбот.

Абарона Масквы – тэма твораў М. Філіповіча. Яна  складаецца з аркушаў “Збітыя танкі”, “Пад Масквой”, “Разгром немцаў пад Масквой”, “Атака нашых танкаў”, якія былі выкананы ў 1942 г. У графіцы С. Юдовіна – серыя ксілаграфій “Ленінград у дні Аўчынай вайны”, дзе мастак імкнуўся перадаць любоў ленінградцаў да свайго горада. На аркушах занатавана самаадданая праца  абаронцаў горада: зенітчыкаў,  жанчын,  дзяцей.  У 1944 г. гэтая серыя  дэманстравалася на выстаўцы ў Яраслаўлі.

Мастакі М. Дучыц,  А. Тычына, А. Волкаў заставаліся ў Мінску ў часы акупацыі і бачылі ўсе тыя бязлітасныя  разбурэнні і страты, што  перанесла сталіца Беларусі.  Аб гэтым расказваюць гравюры А. Тычыны  “Узарванае дэпо” (1945), “Разбураны Мінск” (з серыі “Мінск”, 1945), пераведзеныя ў  лінагравюру ў  1945 г.  Творы  М. Дучыца ў тэхніцы пастэлі пад назвай “Дом на вуліцы Бакуніна” і “У Касмадзем’янскага завулка” (1943–44)  працягваюць пачатую ў 1920-я гг. серыю  гістарычных мясцін  вакол плошчы Волі. У 1944 г. мастак зрабіў малюнак “Трасцянец”, які на сёняшні дзень за’ўляецца сапраўдным гістарычным сведкам, бо менавіта ў Трасцянцы ( р-н Шабаны) у часы вайны  фашысты  знішічылі больш за 200 тысяч салдат і мірнага насельніцтва. На аркушы занатаваны яшчэ не заросшыя ў тыя часы  ямы і рвы. Серыя “Помнікі дойлідства БССР” А. Марыкса была выканана ў 1944–45 гг. На аркушах –  віды  Нясвіжа, Магілёва, Мінска,  якія сведчаць аб гісторыі і культуры края, што меў старадыўнія традыцыі ў будаўніцтве замкаў, палацаў, гарадскіх плошчаў і вуліц. Увагу мастака прыцягвалі экстэр’еры  халодных  каменных храмаў  з характэрнымі  ўпрыгожваннямі, што дакладна вызначае стылёвыя характарыстыкі  кожнага з іх. Мастакі нібыта не маглі наглядзецца на ўцалелыя старажытныя забудовы, вуліцы, асобныя архітэктурныя збудаванні. В. Марозаў маляваў  Гродна, М. Сеўрук – Нясвіж, П. Сергіевіч – Вільню.

Радасць дня Перамогі, як найвялікшага свята ўсяго народа, перададзена ў лінагравюры А. Тычыны “Ля помніка Леніну ў дні Перамогі” (1945) з  серыі “Мінск”. І гэта мае сімвалічнае значэнне, бо дадзеную серыю мастак пачынаў у знакамітыя 1920-я гг. і лічыў неабходным працаваць над ёю ўсё сваё жыццё. Гістарычнасць дадзенага моманту вырашаецца сродкамі метафары праз выяву вялікага помніка, які ўзняўся ў сусветную прастору. Вячэрняе неба расквечана святочным салютам падаючых зорак разам з чорнай выявай  фашысцкай сімволікі.

Творы графікі перыяду Вялікай Айчыннай вайны – частка мастацкай спадчыны. Нажаль, у пасляваенныя гады ўзнікла новая ідэалогія аб недапушчальнасці паказу негатыўных праяў ваеннага ліхалецця, а таксама духоўных, людскіх і матэрыяльных страт. І шмат якія ідэі аб аб’ектыўнам паказе вайны не атрымлівалі згоды. Творы ваенных гадоў яшчэ некторы час экспанаваліся на выстаўках 1945-1946 гг. На выстаўцы, прысвечанай дваццацігоддзю БССР, якая праходзіла ў Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, экспанаваліся творы Н. Галоўчанкі (нацюрморты), М. Керзіна (“Партрэт сына”), С. Раманава (“Партызанская разведка”), Л. Рана (“Народны артыст БССР Г.Ю. Грыгоніс”). На выстаўцы пейзажа (Мінск, 1945 г.) былі прадстаўлены пейзажы Л. Лейтмана з выявамі месцаў пражывання ў эвакуацыі (“Чырвоныя дахі. Калуга”, “Снежны дзень. Валакаламск”, “Асенні вечар. Гжацк” і інш), У. Кудрэвіча (пяць пейзажаў Сібіры), А. Марыкса (тры пейзажы “Стары Мінск”). У экспазіцыі Усебеларускай мастацкай выстаўкі 1946 г., прысвечанай другой гадавіне вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (Мінск, ДКГ БССР, былі прадстаўлены “Партрэт артыста Я.Н. Струсевіча” Я. Красоўскага,  аркуш з серыі “На шляхах вайны” Б. Малкіна, “Стары сабор. Мінск” А. Марыкса, “Узарванае немцамі дэпо ст. Мінск”, “У разбураным немцамі горадзе”, “Ля помніка Леніна ў дзень Перамогі” А. Тычыны. На выстаўцы 1946 г., прысвечанай выбарам у Вярхоўны Савет СССР (Мінск, Акруговы Дом афіцэраў), экспанаваліся творы А. Кроля “Возера Хэвіз”, “Вуліца ў г. Хэвізе”, “На возеры Балатон”, “Вена”, У. Кудрэвіча “Над ракой  Том”, “Туман”, “Ноч”, А. Марыкса “Мінск,  стары сабор”, “Мір, Мірскі замак”, Б. Малкіна “Па дарогах  вайны”.

Падводзячы вынікі  даследавання, трэба адзначыць наступнае: графіка перыяду Вялікай Айчыннай вайны – значны перыяд творчасці беларускіх мастакоў, які  заўсёды будзе выклікаць да сябе цікавасць даследчыкаў і мастацтвазнаўцаў. У гэтай барацьбе супраць фашызма прымалі ўдзел мастакі розных нацыянальнасцяў, розных школ і творчых напрамкаў. Менавіта  іх намаганнямі тэма Вялікай Айчыннай вайны стала вядучай у выяўленчым мастацтве Беларусі  ХХ ст.

65-гадовы дзень Перамогі – гэта не толькі свята для перажыўшых вайну, але і дзень памяці для тых, хто  загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны са зброяй у руках, змагаючыся з ненавіснымі фашыстамі, у гета, праходзячы скрозь дні страшэнных іспытаў.  У спісах  загінуўшых значацца С. Жукоўскі (1873–1944), У. Бохан (1905), А. Бразер (1892–1942), В. Букаты (1924–1944), С. Каўроўскі (1890 –1945?), С. Аншалевіч (1904), А. Астаповіч (1896–1941), М. Ваксер (1916–1942), С. Далжанскі (1902–1942), З. Зальцман (1913–1941), Л. Зевін (1903–1942), М. Малевіч (1898–1944), І. Мільчын (1894–1941), З. Мірынгоф (1905), І. Эйдэльман (1908–1942). Асобны спіс складаюць маладыя мастакі--выхаванцы Віцебскага мастацкага тэхнікума: А. Арлоў (1908–1942), М. Аўчыннікаў (1907), У. Вярвенскі, Л. Дзерваедаў, А. Жораў (1909–1944), Г. Ізмайлаў (1905–1944), М. Калішэвіч, Б. Каплан (1915–1941), В. Капыценка, А. Пашута (1910), Ш. Пікус (1908–1941), Я. Саматыя, І. Фенюк (1903–1943).

У заключэнне трэба адзначыць, што дадзены матэрыял можа быць выкарыстаны ў далейшых даследаваннях тэмы  Вялікай Айчыннай вайны  і ўдзеле беларускіх мастакоў у  Вялікай Перамозе.

 

Літаратура:

1. М.І. Ганчароў. Мастацтва мужнасці і гераізму. Мн., 1976.

2. Л. Налівайка. Беларускія мастакі, якія са зброяй у руках абаранялі Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. // Вялікая Айчынная вайна ў фальклоры і мастацтве Беларусі. Тэзісы дакладаў канферэнцыі ІМЭФ АН БССР, прысвечанай 40-годдзю Перамогі. Красавік 1985. Мн., 1985. С.18.

3.  Мікалай Агафоненка.  У майстэрню не вярнуліся. // Мастацтва, 1986, №7. С.64.

4. В. Шматаў. Графіка. // Гісторыя беларускага мастацтва. Т.5 (1941–60-х гг.). Мн., 1992, С.24–28.

 Дадзеныя  з архіва КДБ аб лёсе сям’і  Гуткоўскіх атрыманы ад навуковага супрацоўніка НММ РБ В. А. Архіпавай.

Налівайка Л.Дз.

друкуецца па матэрыялах “Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”, выпуск 6, 2005. Мн., “Белпрынт”, 2007, стр. 146–156

Пры выкарыстоўванні матэрыялаў спасылка на сайт і выданне АБАВЯЗКОВА

Вярнуцца >>