Вобраз Іасафата Кунцэвіча ў сакральным мастацтве Беларусі

Вобраз Іасафата Кунцэвіча ў сакральным мастацтве Беларусі

 Іасафат Кунцэвіч (1580 – 12.11.1623) з’яўляецца уніяцкім царкоўным дзеячам Рэчы Паспалітай. Нарадзіўся ён у горадзе Уладзімір-Валынскі, у праваслаўнай сям’і гандляра. У Вільні, куды бацька адправіў сына вучыцца гандлёвай справе, Іасафат зблізіўся з езуітамі і пад іх уплывам стаў прыхільнікам уніі. У 1604 г. ён стаў манахам Віленскага манастыра святой Тройцы, дзе адзначыўся сваім аскетызмам і глыбокай рэлігійнасцю. У 1609 г. быў рукапаложаны на святара і кіраваў Быценскім і Жыровіцкім манастырамі. У 1614 г. Іасафат прызначаецца настаяцелем Свята-Троіцкага Віленскага манастыра, а ў 1617 г. мітрапаліт І. Руцкі ўзводзіць яго ў сан епіскапа і прызначае коад’ютарам Полацкай епархіі. У 1618 г. Іасафат Кунцэвіч заняў месца на Полацкай архіепіскапскай кафедры. Іасафат з’яўляўся актыўным распаўсюджвальнікам уніі, прычым дапускаў і адмоўныя сродкі, чым выклікаў супраціўленне праваслаўных вернікаў.

Пасля таго, як Іерусалімскі патрыярх Феафан у 1620 г. аднавіў аўтакефальную праваслаўную іерархію на Украіне і ў Беларусі, частка вернікаў адышла ад Іасафата. Сталі адбывацца антыуніяцкія выступленні гараджан. У студзені 1623 г., пад час Віцебскага паўстання, Іасафат Кунцэвіч быў забіты ў архіерэйскім доме. За гэта злачынства 19 чалавек былі прыгавораны да пакарання смерцю, а горад Віцебск пазбаўлены магдэбурскага права.

У 1643 г. Іасафат Кунцэвіч быў прылічаны папам рымскім Урбанам VIII да блажэнных пакутнікаў, а ў 1867 г. Папа Пій ІХ абвясціў яго святым і аб’явіў патронам Русі і Польшчы. Яго памяць у каталіцкай царкве адзначаецца 12 лістапада. Мошчы Іасафата Кунцэвіча пасля доўгіх перамяшчэнняў у 1949 г. былі змешчаны ў Рыме ў саборы св. Пятра.

У XVII–XVIII стст. на Беларусі і Украіне фарміруецца культ Іасафата Кунцэвіча. Ужо ў 1637 г. камісія па беатыфікацыі зафіксавала вялікі жыційны абраз святога, які знаходзіўся над яго надтруннай плітой. Кунцэвіч на абразе паказаны ў мантыі з нахільнымі палосамі, амафоры і з мітрай на галаве [1]. На малюнку з кнігі І. Сушы “Жыццё і пакуты блажэннага Іасафата Кунцэвіча”, выдадзенай у Рыме ў 1665 г. [2], мы бачым выяву святога ў поўны рост са складзенымі на грудзях рукамі і з сякерай у галаве. Ён апрануты ў епіскапскую мантыю з нахільнымі палосамі і амафор. Адначасова з абразамі з’яўляюцца і скульптурныя выявы Кунцэвіча. Іканаграфію блажэннага Іасафата-пакутніка замацоўвае недатаваная гравюра з подпісам Аляксандра Тарасевіча [1], якая, як мяркуюць даследчыкі, была створана ў 1670–1680-я гг. На ёй Кунцэвіч прадстаўлены ў епіскапскім убранні, амафоры з крыжамі і пастараллю. У руках святога пальмавая галінка, у ране на галаве – сякера. У сярэдзіне XVIII ст. узнікаюць авальныя абразы з пагруднай выявай Кунцэвіча, дзе апошні прадстаўлены са складзенымі рукамі, у амафоры з крыжамі і сякерай у ране [1].

Яшчэ адзін іканаграфічны тып святога выяўлены аўтарамі на гравюры з Трэфалагіёна 1777 г., надрукаванага ў Пачаеве. На ёй Кунцэвіч падаецца ўкленчаным на воблаку ў малітоўнай позе, з сякерай у галаве. Ён апрануты ў квяцістую мантыю і амафор з крыжамі. Позірк Іасафата скіраваны ўверх, да манаграмы Іісуса Хрыста ў прамяністым ззянні. Перад святым ляжаць посах, мітра і пальмавая галінка.

З вышэйсказанага можна зрабіць выснову, што культ Іасафата Кунцэвіча ў XVII – XVIII стст. быў шырока распаўсюджаны ва уніяцкай царкве. Пасля скасавання уніі ў 1939 г. уніяцкія прыходы былі перададзены праваслаўным, а творы з выявамі Кунцэвіча ў асноўным знішчаны. Некаторыя з іх былі перапісаны на праваслаўны манер. У архіўных матэрыялах экспедыцый па вывучэнню рухомых помнікаў у храмах Беларусі і ў зборах музеяў аўтарамі знойдзены толькі 7 твораў іканапісу і скульптуры з выявамі Іасафата Кунцэвіча. Верагодна, найбольш раннім з’яўляецца абраз з Нясвіжскага касцёла Божага цела (палатно, алей; 220х100). Святы прадстаўлены ў поўны рост, у дынамічным руху. На ім квяцістая мантыя і амафор з крыжамі, на галаве мітра. У левай руцэ Кунцэвіч трымае посах з фігурным навершшам, правай бласлаўляе. Яго позірк скіраваны ўніз на анёла, які падае Іасафату кнігу.

Адзін з 13 алтароў былога езуіцкага, а цяпер кафедральнага касцёла Францыска Ксаверыя, прысвечаны мучаніку Іасафату (пастаўлены ў 1715 г. [3]). Абраз святога знаходзіцца ў ніжнім ярусе алтара (палатно, алей; 210х105). Ён апрануты ў квяцістую мантыю і амафор з крыжамі, на галаве мітра. У левай руцэ Іасафат трымае раскрытую кнігу і посах з фігурным навершшам, правай бласлаўляе. Позірк скіраваны ў верхні левы вугал абраза, дзе знаходзіцца выява анёла з укрыжаваннем у руках.

У касцёле Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. захоўваецца скульптура святога са складзенымі на грудзях рукамі (дрэва, разьба; 118х72х21), які апрануты ў мантыю з нахільнымі палоскамі і амафор з крыжамі. Адзенне і постаць святога супадаюць з выявай на вышэйазначанай гравюры з кнігі І. Сушы [2], таму можна сцвярджаць, што гэта скульптура Іасафата Кунцэвіча.

Яшчэ адна падобная скульптура са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, якая прыведзена ў каталозе Н.Ф. Высоцкай [4] пад назвай «униат» (дрэва, разьба, паліхромія; 81х26х16), хутчэй за ўсё таксама з’яўляецца выявай св. Іасафата.

У Гродзенскім раёне знаходзіцца касцёл Іасафата Кунцэвіча, пабудаваны ў пачатку ХХ ст. У другім ярусе галоўнага алтара змешчаны абраз з выявай святога Іасафата ў рост (палатно, алей; 139х81). Ён апрануты ў квяцістую мантыю і амафор з крыжамі; у правай паднятай руцэ святы трымае крыж, у левай – посах з фігурным навершшам.

Адзіны вядомы нам абраз з паясной выявай І. Кунцэвіча знаходзіцца зараз у зборах Львоўскага нацыянальнага музея. Святы прадстаўлены ў малітоўнай позе і апрануты ў квяцістую мантыю і амафор з крыжамі, што адпавядае вышэйазначанай іканаграфіі [1]. Гэты абраз паходзіць са збораў мінскага калекцыянера Генрыха Татура [5] і ў 1908 г., пасля смерці апошняга, быў набыты ў яго жонкі Іларыёнам Свянціцкім, дырэктарам Львоўскага царкоўнага музея.

На другім абразе з касцёла ў г. Глыбокае (палатно, алей, 120х80) паясная выява святога Іасафата таксама змешчана ў авале. Ніжэй знаходзяцца мітра і скрыжаваныя епіскапскі посах і пальмавая галінка. У верхняй частцы абраза, на воблаках, прадстаўлены выявы чатырох пуцці.

У зборах Музея старажытнабеларускай культуры ІМЭФ НАН Беларусі знаходзіцца абраз Іаана Багаслова, які прыведзены ў альбоме [6]. Наяўнасць на абразе выявы анёла, які працягвае святому посах з фігурным навершшам і пальмавую галінку, а таксама ўкрыжаванне, што знаходзіцца на століку побач з фігурай святога, навялі на думку, што абраз быў перапісаны. Здымка ў інфрачырвоным выпраменьванні паўдцвердзіла гэту гіпотэзу. На фрагментах абраза, сфатаграфаных у звычайным (злева) і ў інфрачырвоным (справа) выпраменьваннях добра бачна, што на першапачатковай выяве ў галаве святога намалявана сякера. Што тычыцца Евангелля, то спачатку надпіс на ім быў зроблены на дзвюх мовах: лацінкай (на левай старонцы) і кірыліцай (на правай старонцы). Несумненна, што на абразе першапачаткова была выява Іасафата Кунцэвіча, якую пасля скасавання уніі перапісалі пад Іаана Багаслова. Гэты яскравы прыклад паказвае, што далейшае, пры больш дэталёвым вывучэнні твораў іканапісу можа пашырыць колькасць захаваўшыхся твораў, якія захаваліся, з выявамі вядомага уніяцкага дзеяча.

 

1. Хадыка, А.Ю. Св. Іасафат Кунцэвіч: складанне культу і іканаграфіі ў Беларусі / Аляксей Хадыка // “Наша вера”. 2006. № 2 (36).

2. Католическая энциклопедия. – Москва: Францисканцев, 2005. Т. 2. С. 430.

3. Ярашэвіч, А.А., Бажэнава, В.Дз. Гродзенскі кафедральны касцёл Святога Францыска Ксаверыя / Аляксандр Ярашэвіч, Вольга Бажэнава. – Мінск: Беларусь, 2005.

4. Скульптура и резьба Беларуси XII–XVIII вв. Каталог [Авт.-сост. Надежда Высоцкая]. – Минск: БелЭн, 1998. С. 177.

5. Піскун, Ю.А. Лёс збораў Генрыха Татура /Юрый Піскун // Вяртанне. 1994. Вып. 2. С. 10.

6. Музей старажытнабеларускай культуры. Альбом [Уклад. Аляксандр Ярашэвіч]. – Мінск: Беларусь, 2004.

Карэлін У.Р., Мельнікаў М.П.

друкуецца па матэрыялах “Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”, выпуск 7. Мн., “Белпрынт”, 2008, стр. 111–115

Пры выкарыстоўванні матэрыялаў спасылка на сайт і выданне АБАВЯЗКОВА

Вярнуцца >>