Культурна-адукацыйная праграма Культурна-адукацыйная праграма

Культурна-адукацыйная праграма “Архангел Михаил, Грозных сил воевода” рэалізуецца ў экспазіцыі “Мастацтва Беларусі XII – першай паловы XIX ст.”. Падчас правядзення заняткаў іх удзельнікі знаёмяцца з вобразам архангела Міхаіла ў розных відах мастацтва – скульптуры і жывапісе. Уважліва разглядаючы скульптуру XVIII ст., дзеці вызначаюць адметнасці, уласцівыя адлюстраванню архангела Міхаіла як воіна. Атмасферу нязмушанасці і даверлівасці стварае гульнёвы момант “ператварэння” ўдзельнікаў музейных заняткаў “ў галоўнага героя”. У час знаёмства з іконай, дзе архангел Міхаіл паўстае як архістраціг нябесных сіл, дзеці атрымоўваюць уяўленне пра яе сімвалічную мову, у якой усё: колер, арнамент, адзенне, атрыбут – з’яўляецца своеасаблівымі “літарамі”, што паступова складваюцца ў зразумелы і ясны тэкст, і, такім чынам, удзельнікі музейных заняткаў авалодваюць навыкамі чытання іконы. Таксама, пільна ўглядаючыся ў абраз, група атрымлівае першасныя ўяўленні пра яго матэрыялы і тэхніку – дошку, ляўкас, тэмперу – і спасцігае сакрэты стварэння свяшчэннага вобраза. Набыццё першаснага вопыту даследчыцкай дзейнасці адбываецца падчас пошукаў выяў архангела Міхаіла па ўжо вывучаных групай характэрных асаблівасцях у іншых іконах і скульптуры, прадстаўленых у эскпазіцыі, падчас “рэканструкцыі” скульптуры XV ст., калі дзеці знаходзяць незахаваныя асобныя дэталі, страчаныя элементы твора. Акрамя таго, на працягу музейных заняткаў узнімаецца важная праблема выбару, перад якім заўсёды знаходзіцца чалавек – выбару жыццёвага шляху, выбару паміж дабром і злом. Праграма адрасавана дзецям сярэдняга школьнага ўзросту.