Інфармацыя аб навукова-практычнай канферэнцыі - “Вынікі і ўрокі рэстаўрацыі і музеефікацыі Замкавага комплексу “Мір” Інфармацыя аб навукова-практычнай канферэнцыі - “Вынікі і ўрокі рэстаўрацыі і музеефікацыі Замкавага комплексу “Мір”

Інфармацыя аб навукова-практычнай канферэнцыі -  Вынікі і ўрокі рэстаўрацыі і музеефікацыі Замкавага комплексу “Мір”

Па ўжо ўстаноўленай традыцыі, у першую суботу чэрвеня (4.06. 2011 года) у малой канферэнц-зале Замкавага комплексу “Мір” адбылася штогадовая навукова-практычная канферэнцыя. У сёмы раз вядомыя гісторыкі, мастацтвазнаўцы, архітэктары, археолагі, музейныя супрацоўнікі і дырэктары музеяў Мінска, Міра, Гродна, Любчы, Нясвіжа, Ліды сабраліся для абмеркавання пытанняў і праблем рэканструкцыі і прыстасавання ўнікальнага помніка архітэктуры XVI–XX стст., у 2000 г. занесенага ў Спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Гэты раз тэма канферэнцыі была вызначана як «Вынікі і ўрокі рэстаўрацыі і музеефікацыі Замкавага комплексу “Мір”. Новы музей адкрыўся 16 снежня 2010 г. з удзелам Кіраўніка дзяржавы А.Р. Лукашэнкі. Замкавы комплекс «Мір» адразу атрымаў добрыя водгукі наведвальнікаў, колькасць якіх з 1 студзеня 2011 г. узрасла ў дзесяткі разоў, і сёння – гэта адзін з найбольш наведваемых айчыннымі і замежнымі турыстамі аб’ектаў культуры. Праз паўгода спецыялісты сабраліся для абмеркавання праведзенай працы – стварэння экспазіцый у замкавым комплексе “Мір”.

Адкрыў пасяджэнне дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь У.І. Пракапцоў. Ён адзначыў вялікі аб’ём працы, выкананай спецыялістамі за некалькі дзясяткаў гадоў, падкрэсліў значэнне адкрыцця Мірскага замка як музейнага комплексу ў сувязі з пачаткам дзеяння дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» (2011–2015 гг.). Затым слова было прадастаўлена навуковаму кіраўніку рэстаўрацыі замка, архітэктару Д.С. Бубноўскаму, які спыніўся на этапах рэканструкцыі замка, праблемах ажыццяўлення архітэктурнага рашэння, выказаў свае крытычныя заўвагі па арганізаванню асобных экспазіцый. Намеснік дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Н.М. Усава, параўнаўшы вопыт рэстаўрацыі замкаў у Літве, Польшчы, Германіі і ў Беларусі, адзначыла недастатковы ўзровень кваліфікацыі нашых спецыялістаў. Галоўнай тэмай яе дакладу стала занепакоенасць у сувязі з праблемай захавання гісторыка-культурнага ландшафту паблізу помніка архітэктуры, недапушчальнасць унясення ў яго сучасных аб’ектаў, што, на жаль, мае месца ў зоне Мірскага замка. Праектныя рашэнні афармлення так званай «набярэжнай», уваходу на тэрыторыю замкавага комплексу, форма вулічных ліхтароў, агароджа тэрыторыі не адпавядаюць абліччу сярэднявечнага помніка. Улічваючы, што ў перспектыве будуць аднаўляцца і іншыя замкавыя комплексы, неабходна ўжо зараз прааналізаваць вынікі і зрабіць высновы.

Яскравым прыкладам з’яўляецца пытанне аб рэканструкцыі герсы – падаючай рашоткі ў цэнтральнай вежы Мірскага замка. Калі раней лічылася, што аднаўленне герсы неабходна, то цяпер з’явіліся новыя матэрыялы, якія даказваюць што ў гэтым няма неабходнасці. Гэтай тэмай займаліся навуковыя супрацоўнікі музея кандыдат мастацтвазнаўства А.А. Ярашэвіч і І.І. Сінчук, паралельна працаваў гісторык М.А. Волкаў, які падрыхтаваў даклад аб Мірскім замку як фартыфікацыйным помніку. М.А. Волкаў мінулым летам удзельнічаў у раскопках на месцы меркаванага апускання герсы і на падставе новых дадзеных прадэманстраваў сваю версію абароны ўязных варот з дапамогай пад’ёмнага моста. Гісторык архітэктуры В.В. Калнін, які шмат гадоў вывучаў Мірскі замак, удакладніў звесткі аб размяшчэнні рэгулярнага італьянскага парку ля сцен замка ў часы Мікалая Крыштофа Радзівіла «Сіроткі». Вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь І.І. Сінчук прааналізаваў рэстаўрацыйную дакументацыю з мэтай высветліць, якія меліся падставы для афарбоўкі сцен замка ў ружовы колер, насуперак беламу, традыцыйнаму для Беларусі. Яго даследаванні паказалі, што заключэнне хімікаў і дадзеныя рэстаўрацыйнай фіксацыі паліхромнага роспісу былі няправільна інтэрпрэтаваныя навуковым кіраўніком рэстаўрацыі. Удакладненне даціроўкі роспісаў у вежавых інтэр’ерах стала тэмай даклада загадчыцы аддзела старажытнабеларускага мастацтва музея А.У. Карпенка. Пастаўлена пад сумненне атрыбуцыя, якая адносіць роспісы да XVI стагоддзя, і на падставе даследавання гістарычных крыніц і рэстаўрацыйнай дакументацыі прапанавана датаваць іх XVIII стагоддзем. Праблемам гістарычнай рэканструкцыі інтэр’ераў Мірскага замка быў прысвечаны даклад кандыдата мастацтвазнаўства В.Д. Бажэнавай, якой належыць навуковая канцэпцыя афармлення партрэтнай залы на перыяд сярэдзіны XVIII стагоддзя. Абапіраючыся на архіўныя крыніцы, даследчык прыходзіць да высновы, што ў аснове рэканструкцыі залы ляжаць нямецкія інтэрпрэтацыі французскага і італьянскага мастацтва. Галоўнай задачай экспазіцыі павінна стаць не толькі аднаўленне жылога інтэр’еру, але і музея беларускай культуры, яе вышэйшых дасягненняў перыяду XVIII стагоддзя. Распрацоўка дызайн-праекта партрэтнай залы вялася сумесна спецыялістамі музея і супрацоўнікамі ГА «Беларускі камітэт ІКАМОС». Галоўны архітэктар праектаў, прадстаўнік групы дызайнераў Н.В. Дарашкевіч падзялілася з прысутнымі вопытам работы над праектам, звярнула ўвагу на яго ўнікальны характар і складанасці інтэрпрэтацыі гістарычных крыніц у пэўнай прасторы, зададзенай сучасным архітэктурным праектам. Выступленне С.Э. Чавуса, маладога даследчыка музычнай культуры Беларусі, закранула актуальныя праблемы рэканструкцыі, дэманстрацыі музычных інструментаў, прайгравання старадаўняй музыкі. Дакладчык падкрэсліў неабходнасць аўтэнтычнага гучання інструментаў, важнасць рэстаўрацыі магнацкай музычнай культуры. Пытанні ўзаемадзеяння музейных супрацоўнікаў і дызайнераў падняў у сваім выступленні кандыдат мастацтвазнаўства А.А. Ярашэвіч, навуковы кансультант ваенных экспазіцый XVII–XVIII стагоддзяў у Мірскім замку. Сабраны ім шырокі выяўленчы і дакументальны матэрыял атрымаў арыгінальную аўтарскую інтэрпрэтацыю у дызайнерскіх праектах Т. Голубевай і І.М. Куржалава. Безумоўна, з часам адбудзецца карэкціроўка экспазіцый, але ў любым выпадку творчае супрацоўніцтва і ўзаемаразуменне музейшчыка-заказчыка і дызайнера-выканаўцы – залог паспяховай работы. Вядомы гісторык і археолаг, кандыдат гістарычных навук А.А. Трусаў выступіў з прапановай надання гарадскому пасёлку Мір статуса горада і ператварэння яго ў цэнтр рэгіянальнага беларускага турызму.

Пасля заяўленых дакладаў на пасяджэнні «круглага стала» выступілі намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь А.С. Сматрэнка, дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Ю.В. Кітурка, вучоны сакратар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» А.В. Храмой. Выступоўцы адзначылі высокі ўзровень дакладаў, неабходнасць і своечасовасць правядзення канферэнцыі, актуальнасць закранутых праблем.

Падводзячы вынікі канферэнцыі, дырэктар У.І. Пракапцоў яшчэ раз падзякаваў усім за ўдзел, адзначыў унікальную працу, праведзеную на працягу дзесяцігоддзяў спецыялістамі музея, дызайнерамі, мастакамі, будаўнікамі. Гэта быў першы вопыт у навейшай гісторыі Беларусі па рэстаўрацыі і прыстасаванню замка. Важна ўсім зацікаўленым асобам атрымаць урокі з тых дапушчаных недахопаў, якіх не бачаць звычайныя наведвальнікі, але відавочных для спецыялістаў. З 1 красавіка 2011 года замкавы комплекс “Мір” не з’яўляецца філіялам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, ён стаў самастойным музеем рэспубліканскага падпарадкавання. Як падкрэсліў У.І. Пракапцоў, важна, каб новае кіраўніцтва музея «Замкавы комплекс «Мір» прадоўжыла ініцыятыву Нацыянальнага мастацкага музея РБ у справе правядзення падобных штогадовых навуковых дыскусій і канферэнцый з выданнем матэрыялаў – важнага метадычнага і навуковага дапаможніка для архітэктараў-рэстаўратараў.

Карпенка А.У.

Прысутныя выказалі надзею, што новае кіраўніцтва музея «Замкавы комплекс «Мір» працягне ініцыятыву Нацыянальнага мастацкага музея РБ у справе правядзення падобных сустрэч.