Рускае мастацтва XVIII - XX ст.

У фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь рускае мастацтва займае значнае месца. Сёння яго калекцыя, куды ўваходзяць творы ХVIII–ХХ стст., налічвае больш трох з паловай тысяч адзінак захавання жывапісу, скульптуры, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Цэласнасць калекцыі, высокая якасць сабраных у ёй твораў даюць магчымасць прасачыць асноўныя этапы развіцця рускага мастацтва, пазнаёміцца з творчасцю многіх вядомых мастакоў Расіі, адчуць мастацкую атмасферу часу, дух эпохі.

Вышэйшыя дасягненні партрэтнага жывапісу ХVIII ст. звязаны з імёнамі Фёдара Рокатава, Дзмітрыя Лявіцкага, Уладзіміра Баравікоўскага. У сваіх творах яны абнавілі вобраз сучасніка, раскрылі асветніцкую ідэю аб каштоўнасці чалавека, адлюстравалі настрой свайго часу.

Творы жывапісу, скульптуры і графікі, выкананыя ў першай палове XIX ст., даюць магчымасць пазнаёміцца з творчасцю шматлікіх рускіх мастакоў таго часу. Гэта палотны Аляксея Венецыянава, Максіма Вараб’ёва, Фёдара Бруні, Рыгора Чарняцова, Паўла Фядотава і інш.

Сярод некалькіх карцін выдатнага жывапісца Карла Брулова, змешчаных у музеі, асаблівай мастацкай выразнасцю адзначаны “Партрэт М.Ю. Віельгорскага” (1828), напісаны ў Італіі.

Палотны Васіля Трапініна, што захоўваюцца ў НММ РБ, вельмі разнастайныя і істотна дапаўняюць агульнапрызнанае меркаванне аб творчасці гэтага буйнейшага мастака – “Бандыт” (Партрэт М. Абаленскага) (1840-я), “Партрэт М.І. Бера з жонкай Н.М. Бер” (1850), “Партрэт Л.М. Кожынай” (1834) і інш.

У раздзеле другой паловы XIX стагоддзя значнае месца займаюць пейзажы Аляксея Саўрасава, Івана Шышкіна, Архіпа Куінджы, Ісаака Левітана, творы Іллі Рэпіна і Васіля Сурыкава.

Калекцыя рускага мастацтва канца XIX – пачатку ХХ стагоддзя ўключае шэраг першакласных прац буйнейшых рускіх мастакоў. Тут прадстаўлены творы мастакоў, якія імкнуцца да абнаўлення жывапісна-пластычнай мовы – членаў розных мастацкіх аб’яднанняў мяжы стагоддзяў, такіх як "Свет мастацтва", "Саюз рускіх мастакоў", "Блакітная ружа", "Бубновы валет" – Валянціна Сярова, Міхаіла Урубеля, Канстанціна Каровіна, Абрама Архіпава, Філіпа Малявіна, Ісаака Бродскага, Аляксандра Галавіна, Мікалая Сапунова, Іллі Машкова, Барыса Кустодзіева, Зінаіды Серабраковай і інш.

Мастацтва ХХ стагоддзя Расіі прадстаўляюць імёны такіх вядомых творцаў, як жывапісцы Мікалай Касаткін, Пётр Канчалоўскі, Георгій Ражскі, Аркадзь Пластаў, Георгій Ніскі і многія іншыя, якія ў сваіх творах адлюстравалі шырыню і разнастайнасць пошукаў рускага мастацтва, асаблівасці мастацтва 1930–1950-х гг., тэндэнцыі мастацкага жыцця 1960–1980-х гг.

Раздзел скульптуры другой паловы XIX ст. больш поўны і цэльны. Побач з работамі мастакоў акадэмічнага напрамку – Мікалая Лаверэцкага, Пармена Забелы і інш. – прадстаўлена творчасць майстроў, чыё мастацтва сведчыць аб дасягненнях рэалізму рускай мастацкай школы: Марка Антакольскага, Яўгена Лансерэ, Уладзіміра Беклямішава, Мацвея Чыжова і інш. З асаблівасцямі рускай пластыкі ХХ ст. знаёмяць творы Паола Трубяцкога, Міхаіла Урубеля, Сяргея Каненкава, Івана Шадра, Васілія Ватагіна, Мікалая Андрэева, Сары Лебедзевай, Веры Мухінай і інш.

У невялікай калекцыі малюнка і акварэлі можна вылучыць выкананы ў тэхніцы італьянскага алоўка “Партрэт П.Ф. Жаўтухіна” (1819) Арэста Кіпрэнскага, “Партрэт Р.А. Тамілава” (1831) Аляксея Варнэка, акварэлі Пятра Сакалова, Аляксандра Арлоўскага, братоў Аляксандра і Альберта Бенуа, Апалінарыя Васняцова, малюнкі Івана Айвазоўскага, Івана Шышкіна, Валянціна Сярова, Аляксея Сцяпанава, гравюры Уладзіміра Фаворскага, Яўгена Кібрыка і інш.

Немалаважнае месца займае ў зборы калекцыя рускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Адным з першых значных набыццяў музея ў канцы 1950-х гг. стала калекцыя рускіх лакаў XIX–XX стст. У ёй прадстаўлены творы двух самых вядомых рускіх фабрык Лукуціных і Вішняковых, а таксама мастацтва Палеха. Гэта табакеркі, скрыначкі, запанкі, бісерніцы, партсігары, пудраніцы, талеркі, падносікі, запалачніцы, попельніцы. Самым раннім творам у калекцыі лакаў з’яўляецца бісерніца светла-зялёнага колеру з малюнкам бягучага сабакі (1818–1828). Не меней каштоўная частка калекцыі рускіх лакаў – палехская мініяцюра 1920–1930-х гг. У музейным зборы прадстаўлена мастацтва вядучых майстроў Палеха, тых, хто ствараў гэты промысел – І.І. Голікава, І.І. Зубкова, І.В. Маркічава, У.В. Катухіна, І.П. Вакурава, А.А. Дадыкіна, Дз.М. Буторына і інш.

Калекцыя рускага фарфору невялікая па колькасці экспанатаў. Складвалася яна паступава і ўключае вырабы амаль усіх буйных і вядомых заводаў Расіі XVIII–XX стст. – Імператарскага фарфоравага, Гарднера, Папова, Баценіна, Сафронава, Церыхава, Новых, Фаміна, Міклашэўскага, братоў Карнілавых, братоў Кузняцовых, Казлова, Іконнікава, мастацкіх прадпрыемстваў Савецкага Саюза. Самым раннім помнікам рускага фарфоравай вытворчасці ў калекцыі музея з’яўляецца талерка з ральефнай залатой сетачкай і пурпурнымі кветкамі з першага шматпрадметнага рускага сервіза, створанага майстрамі Імператарскага фарфоравага завода для імператрыцы Лізаветы Пятроўны і названага “Уласным” (1750-я). Гэта ўзор фарфору часоў Дз. Вінаградава, прыгожага, узорыстага, сагучнага характару елізавецінскага ракако.

Яны былі заказаны Кацярынай II у 1777–1778 гг. для прыёму пры двары кавалераў расійскіх ордэнаў. У нашай калекцыі можна ўбачыць некалькі прадметаў з “Андрэеўскага”, “Аляксандраўскага”, “Георгіеўскага” і “Уладзімірскага” сервізаў. Высокі ўзровень тэхналогіі і майстэрства лепшчыкаў, фармоўшчыкаў, абпальваўшчыкаў і жывапісцаў Імператарскага фарфоравага завода прадстаўляюць вялікія дэкаратыўныя вазы з копіямі карцін сярэдзіны ХІХ ст. са збору Эрмітажа. Сярод прадметаў другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. вылучаюцца вырабы заводаў братоў Карнілавых у Санкт-Пецербургу і братоў Кузняцовых. Побач з дэкаратыўнымі прадметамі і посудам у музейным зборы прадстаўлена і фарфоравая пластыка.

Фарфор савецкага часу ў зборы музея прадстаўлены імёнамі вядомых мастакоў: Н. Данько, В. Кузняцова, Б. Кустодзіева, С. Чахоніна, А. Шчакаціхінай-Патоцкай, Б. Вараб’ёва, І. Рызніча, І. Фрых-Хара, Я. Чарушына, А. Вараб’еўскага, У. Сямёнава, А. Яфімавай, Г. Шуляк, А. Бржазіцкай, П. Лявонава, вырабамі трох вядучых заводаў Расіі – Ленінградскага фарфоравага завода імя М.В. Ламаносава, Дзмітраўскага і Дулеўскага.

Багацце калекцый расійскага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, сабраных, у асноўным, дзякуючы нястомным намаганням А.В. Аладавай, дырэктара музея з 1944 па 1977 год, дае магчымасць не толькі змястоўна адлюстраваць рускае мастацтва ў пастаяннай экспазіцыі музея, але і фарміраваць разнастайныя па зместу і аб’ёму часовыя і перасоўныя выстаўкі, прысвечаныя асобным тэмам, жанрам, асобным напрамкам і мастакам.