Мастацтва Еўропы XVI - XX ст. Мастацтва Еўропы XVI - XX ст.
Калекцыя еўрапейскага мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь параўнальна невялікая. Пачатак збральніцкай дзейнасці музея ў гэтым напрамку варта аднесці да канца 1940-х гадоў. Асабліва ж інтэнсіўна фонд еўрапейскага мастацтва папоўніўся ў 1960–1970-я гады. Са збору вядомага мінскага калекцыянера, былога дырэктара Беларускага інстытута жывёлагадоўлі, Міхася Фёдаравіча Габышава ў 1961 годзе было закуплена 10 жывапісных твораў, якія склалі аснову калекцыі італ’янскага жывапісу. Тады ж у музей з фондаў Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў імя А.С. Пушкіна былі перададзены палотны К.Ж. Вернэ, Ф. Ваўвермана, Ф. дэ Мушарона, Г. Рабера, Я. Рэйсдэля і інш. Пашырэнню і ўзбагачэнню фондаў аддзела заходнееўрапейскага мастацтва спрыялі актыўныя кантакты з калекыянерамі Масквы і Ленінграда. Так, у прыватных зборах у 1965 г. былі набыты такія творы, як “Горны краявід” швейцарскага мастака А. Калама, жанравая сцэна “Пасля палявання” швецкага мастака Б. Нордэнберга, вялікае палатно на біблейскі сюжэт “Сусанна і старцы” французскага мастака Ж.Ф. дэ Труа і інш.
З мастацтвам Італіі XVI–XIХ стст. у музеі знаёмяць партрэты, карціны на міфалагічныя і біблейскія сюжэты такіх мастакоў, як А. Дзанкі “Выкрыццё Адысея”, Дж. Тропа “Міфалагічны сюжэт”, Дж. Казанова “Краявід з быком” і інш.
Аб дасягненнях рэалістычнага галандскага мастацтва XVII ст. дазваляюць меркаваць творы Т. Херэманса “Лета” і “Зіма”, Ф. Ваўвермана “Зборы на паляванне”, Я. Гіліга “Рыбы”, Ф. дэ Мушарона “Краявід з вандроўнікамі і жывёлінамі”.
Мастацтва Фландрыі ў калекцыі прадстаўлена выдатным палатном “Венера ў кузні Вулкана” П. Ціза – вучня Рубенса і Ван-Дэйка, пейзажамі Я.Ф. ван Блумена “Краявід з козамі”, “Краявід з фігурамі”.
Гонарам калекцыі французскага мастацтва XVII–XIX стст. З’яўляюцца краявіды Г. Рабера “Від басейна з абеліскам і развалінамі акведука”, “Сад вілы Баргезэ ў Рыме”, К.-Ж. Вернэ “Прыморскі пейзаж”, партрэты пэндзля Ф. Жэрара “Партрэт Ю.А. Тацішчавай”, Ж.Б. Рэньё “Партрэт князя А.Б. Куракіна”, А. Грыму “Мужчына ў берэце”, кампазіцыі на міфалагічныя і рэлігійныя сюжэты “Сусанна і старцы” Ф. де Труа, “Венера і Марс” Ф.Г. Менажо (?).
Некалькімі маляўнічымі палотнамі прадстаўлены такія еўрапейскія краіны, як Англія (Дж. Морленд “Вяртанне з палявання”, Т. Баркер “Батальная сцэна”), Германія (Г. Лішэўска “Партрэт М.К. Агінскага”), Данія (Х. Йенсэн “Жаночы партрэт”), Бельгія (Д. Натэр “Нацюрморт з амарам”, “Нацюрморт з крабам”), Аўстрыя (В. Петэр “Птушкі”), Швэйцарыя (А. Калам “Горны краявід”), Польшча (Ю. Рапацкі “Краявід з млыном”).
Скульптура ў зборы музея прадстаўлена творамі майстроў французскай, італьянскай, польскай мастацкіх школ XVIII–XX стст.
Працы Э. Брага “Партрэт Сары Бернар”, А. Тарсіі “Юнона”, Дж. дэль Нэро “Меркурый-Аргусазабойца” знаёмяць з творчасцю італьянскіх скульптараў XVIII–XIX стст.
Раздзел французскай скульптуры другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. уключае ў сябе скульптурныя кампазіцыі П.Ж. Мэна “Сабакі, якія напалі на дзіка”, “Фламандская карова з цялём”, Ж.-Б. Карпо “Бюст Генія Танца” Творы А. Лару “Сушыльшчыца сена”, Ф.-Р. Ларша “Жана д’Арк” з’яўляюцца прыкладам серыйнай скульптуры ХІХ ст. На мастацкім рынку ў гэты перыяд канкурыруюць ліцейныя майстэрні F. Barbedienne, Susse Freres, Siot-Decauville, Thiebaut Freres і г.д.
Калекцыя заходнеўрапейскай графікі XVIII–XIX стст. прадстаўлена гравюрамі і малюнкамі майстроў французскай (П.-Ф. Базан, Н.-Г. Дзюпюі, Ж. Гадфруа і інш.), італьянскай (Дж.-Б. Піранезі, Дж. Атавіані, Д. Мантагю), англійскай (Л. Саліван), нямецкай (Х.-В.-Э. Дзітрых, Г.-Ф. Шмідт, І.-Г. Вілле і інш.), польскай мастацкіх школ. Гравюры С. Баўман, К. Дзюбуа, Х. Шэрэра, Ф. Эгеншвілера (Швейцарыя), І. Браўэра, Л. Грундзіг, К. Ніса, О. Косака (Германія) знаёмяць з асаблівасцямі графікі другой паловы ХХ ст.
Калекцыю заходнееўрапейскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва уяўляе прадукцыя парцалянавых мануфактур канца XVIII – пачатку ХІХ ст. Вырабы адной з найстарэйшых – Майсенскай (1710 г.) – нагадваюць аб кітайскіх узорах. Вазы з праразнымі бартамі, шклянкі і сподкі мудрагелістай рыфлёнай формы распісаныя кобальтам, іх паверхні аздоблены малюнкамі птушак і кветак. Акрамя сасудаў і разнастайнага посуду ў Майсене рабілі і парцалянавыя фігуркі. Асабліва часта майсенскія скульптары звярталіся да міфалагічных і алегарычных сюжэтаў. З другой паловы XVIII ст. вядзе сваю гісторыю Берлінская Каралеўская парцалянавая мануфактура. Музейныя экспанаты даюць уяўленне аб прадметах, выкананых у першай трэці ХІХ ст. У мастацтве гэтага часу пануе класіцызм, эталонам для мастакоў становяцца творы антычнасці. Майстрамі актыўна запазычваюцца формы антычнай керамікі. У 1830-я гады адмысловую папулярнасць у Еўропе набывае так званая “джэрсійская маёліка” з характэрным роспісам залацістым люстрам па блакітнаму, светла-вохрыстаму або ружоваму фону. Выраблялася маёліка ў Англіі, у буйным прамысловым і партовым горадзе Сандэрленд, а прадавалася на востраве Джэрсі, адгэтуль і адбылася яе назва. Музей мае вырабы фабрык Чэхіі і Аўстрыі канца XVIII – ХХ ст. У фондах захоўваюцца адзінкавыя цікавыя ўзоры мэблі еўрапейскіх мануфактур. Гэта шафа працы гданьскіх майстроў XVII ст., галандская наборная мэбля гэтага ж стагоддзя, кабінет работы майстроў Паўднёвай Германіі канца XVII – пачатку XVIII ст. У цяперашні час збор заходнееўрапейскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь налічвае каля 250 адзінак захоўвання.












.jpg)
















