Старажытнабеларускае мастацтва Старажытнабеларускае мастацтва

Калекцыі, якія складаюць збор старажытнага беларускага мастацтва, у музеі надзвычай разнастайныя і багатыя па зместу. Гэта помнікі, створаныя на працягу вялікага гістарычнага адрэзка часу – ад сівой старажытнасці раннефеадальнага грамадства, спадчыны Полацкага і Турава-Пінскага княстваў Х–ХІІ стагоддзяў да эпохі барока і асветніцтва XVIII і нават першай паловы ХІХ стагоддзя. Асабліва шырокія часовыя межы мае калекцыя старажытнабеларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яна ўключае і археалагічныя знаходкі з раскопак старажытнабеларускіх гарадоў X–XVI стагоддзяў – бытавыя прадметы, якія ў сваім выкананні набываюць характар сапраўдных твораў сярэднявечнага рамяства – шахматныя фігуркі, бытавы шкляны посуд, пацеркі, упрыгожванні, гэта і пышныя ўзоры сакральнага рэлігійнага мастацтва – каменныя разьбяныя нацельныя абразкі, крыжы-энкалпіёны, а таксама вырабы беларускіх злотнікаў – мастакоў-ювеліраў XVI–XVIII стагоддзяў: літургічныя келіхі, паціры, манстранцы, аправы Евангелляў, шаты – металічныя сукенкі-аправы на абразы, вотыўныя срэбраныя пласцінкі. Калекцыя ўключае таксама ўзоры ткацтва і вышыўкі XVII – пачатку ХІХ стагоддзя: царкоўныя і касцёльныя рызы з тканін еўрапейскай і мясцовай вытворчасці, узоры знакамітых слуцкіх паясоў другой паловы XVIII – пачатку ХІХ стагоддзя, паясы гродзенскай мануфактуры.

У XVII стагоддзі вялікую славу набыла “беларуская разьба” – беларускія майстры-разьбяры па дрэве і пазалотнікі стваралі выдатныя алтары і іканастасы не толькі на радзіме, але і ў Маскоўскай дзяржаве. Музей ў сваіх фондах і экспазіцыі мае высокамастацкія ўзоры такіх твораў, як царскія вароты з іканастасаў, разьбяныя калонкі, барочныя картушы, упрыгожаныя як рэльефнай праразной разьбой, так і малюнкамі, выкананымі ў гарэльефнай тэхніцы і круглай, аб’ёмнай скульптуры. У калекцыі скульптуры і разьбярства старажытнабеларускага збору музея знаходзяцца такія шэдэўры драўлянай пластыкі і скульптуры Беларусі, як царскія вароты канца XVI ст. з в. Варанілавічы, дзве познегатычныя скульптуры архангелаў з мястэчак Шарашова і Ялава, баракальныя скульптуры з Полацка і Кобрына.

Калекцыя старажытнабеларускага іканапісу і сакральнага жывапісу – адна з найболей каштоўных у нашай краіне. Гэты самы вялікі ў Беларусі збор твораў беларускага іканапісу адлюстроўвае гісторыю развіцця самабытнага рэлігійнага жывапісу, гісторыю беларускага абраза ад канца XV (абраз Божай Маці Адзігітрыі са Слутчыны) да першых дзесяцігоддзяў ХІХ стагоддзя. Помнікі пачатку ХІХ стагоддзя яшчэ захоўваюць традыцыйныя рысы класічнага беларускага абраза: разьбяныя пазалочаныя і пасярэбраныя фоны, асаблівую іканаграфію сюжэтаў і вобразаў. Жамчужыны ў калекцыі старажытнабеларускага іканапісу – абразы “Спас Пантакратар” з Быценя і “Божая Маці Адзігітрыя” з Дубянца – творы другой паловы XVI стагоддзя, “Уваскрэсенне Хрыста” сярэдзіны XVII стагоддзя з Бездзежа, “Нараджэнне Багародзіцы” 1649 г. Пятра Яўсеевіча з Галынца.

Вядома, што беларускія мастакі XVI–XVIIІ стст., як правіла, не падпісвалі свае творы. Тым не менш, у зборы музея ёсць некалькі твораў, па надпісах на якіх можна даведацца пра імёны іх аўтараў – мастакоў XVIII – пачатку ХІХ стагоддзя – Васіля Маркіянавіча са Слуцка, Томаша Сілініча з Магілёва.

У дачыненні да свецкага партрэтнага жывапісу, які ўтварае ў старажытнабеларускім зборы музея асобную калекцыю, можна назваць больш імёнаў мастакоў – іх стваральнікаў: мастакі XVII стагоддзя, якія працавалі ў Вільні і Нясвіжы – Даніэль Шульц і Іаган Шрэтар, у Вроцлаве і Гданьску – Барталамей Стробель, у XVIII стагоддзі ў Нясвіжы – Юзаф Ксаверы Гескі. Аснову партрэтнай калекцыі старажытнабеларускага збору складаюць партрэты былога радзівілаўскага збору з іх палаца ў Нясвіжы. Дапаўняюць яе і так званыя “сармацкія партрэты” – партрэтныя адлюстраванні беларускай шляхты ў традыцыйных “сармацкіх” касцюмах з розных прыватных сядзібных галерэй і Гродзенскага кляштара брыгітак (Партрэты Кшыштафа і Аляксандры-Мар’яны Весялоўскіх і іх прыёмнай дачкі Грызельды Сапегі). У філіяле музея “Дом Ваньковічаў” пастаянна экспануецца частка партрэтнай калекцыі старажытнабеларускага збору – ад узораў XVIІ ст. да сядзібных партрэтаў ХІХ ст., дзе яшчэ захоўваюцца традыцыйныя для беларускага сармацкага партрэта рысы ўмоўнасці і рэпрэзентатыўнасці: фамільныя гербы і інфарматыўныя надпісы, умоўныя рухі, застылы выраз твару, асаблівая ўвага да адлюстравання касцюма.

Вялікая частка старажытнабеларускага збору музея, якая, акрамя вышэйназваных, уключае таксама калекцыю рукапісных кніг і старадрукаў, была знойдзена падчас экспедыцый музея па Беларусі і паступіла ў музейныя фонды ў 1970–1990-я гады ў асноўным з зачыненых цэркваў і касцёлаў. Многія творы мелі значныя пашкоджанні. Яны былі старанна ўмацаваны рэстаўратарамі і зараз, нягледзячы нават на фрагментарную захаванасць, уражваюць гармоніяй фарбаў і дакладнасцю малюнка.

Ёсць у старажытнабеларускім зборы музея помнікі, якія паступілі ў музейныя зборы Беларусі яшчэ ў 1920-я гады, ацалелі падчас Вялікай Айчыннай вайны, вернуты пасля яе з-за мяжы. У другой палове 1940-х – 1960-я гг. яны вярнуліся ў мастацкі музей, заклаўшы падмурак старажытнабеларускага музейнага збору.

З найболей каштоўнымі творамі старажытнабеларускага збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь можна пазнаёміцца на яго пастаяннай экспазіцыі або на часовых выстаўках.