Вячаслаў Дубінка. “Я проста ў далёкай вандроўцы...”
19.04 – 28.06.2015

18 красавіка 2015 года а 15й гадзіне ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Музее беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах адбудзецца адкрыццё выставы Вячаслава Андрэевіча Дубінкі “Я проста ў далёкай вандроўцы…”. У экспазіцыі будзе прадстаўлена больш за 30 мастацкіх сюжэтных работ, выкананых у тэхніцы выцінанкі, з прыватнай калекцыі Таццяны Фёдараўны Дубінкі і фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Работа выставы падоўжыцца з 19 красавіка па 29 чэрвеня 2015 года.

Выцінанка – арнаментальны ці сюжэтны ўзор, выразаны з паперы пры дапамозе кравецкіх нажніц ці нажа. На тэрыторыі Беларусі з’явілася ў XVIII – XIX стагоддзях. Атрымлівае шырокае распаўсюджванне ў афармленні сялянскага інтэр’ера з сярэдзіны ХIХ стагоддзя. Найбольшы яе росквіт прыпадае на канец ХIХ – пачатак ХХ стагоддзя, пэўны ўсплёск папулярнасці назіраўся ў пасляваенныя гады.

У 70–80-я гады ХХ стагоддзя традыцыйнае мастацтва выцінанкі пачынае аддраджацца ў культуры нашай краіны. Адбылося гэта дзякуючы росту цікавасці ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі да традыцыйнай спадчыны. Тады выразаннем з паперы захапіліся нямногія, і сярод іх быў прафесійны фатограф і журналіст Вячаслаў Дубінка.

Вячаслаў Андрэевіч Дубінка (17.01.1941 – 10.08.2010) нарадзіўся ў г. Слуцку Мінскай вобласці. У сваім жыцці ён паспеў авалодаць шэрагам прафесій і заняткаў – быў цесляром, мулярам, брыгадзірам комплекснай брыгады, тэхнікам-пуцейцам, прарабам, поварам на кацеры, механікам на рыбалоўным траўлеры, геолагам па “прымусу”, пераплётчыкам. У 60-х гадах працаваў фотакарэспандэнтам любанскай, салігорскай і лагойскай раённых газет. Яго праца адзначана высокімі ўзнагародамі і дыпломамі за ўдзел у міжнародных фотавыстаўках і выстаўках выцінанкі. З’яўляўся сябрам некалькіх творчых саюзаў Беларусі: журналістаў, народных майстроў, мастакоў, пісьменнікаў.

За афармленне кнігі Артура Вольскага “Жывыя літары” (1984) узнагароджаны дыпломам Францыска Скарыны. Аўтар шэрага фотанарысаў, фотаальбомаў, публіцыстычных кніг і прозы.

Плануецца правядзенне майстар-класаў па выцінанцы.

Куратар выставы – Таццяна Яўгенаўна Андрыевіч, загадчык філіяла “Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы”.

Вярнуцца >>