Гісторыя музея

Музей Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі ў г. Магілёве

212030 г. Магілёў, вул. Ленінская, 37

Загадчык філіяла – Святлана Вікенцьеўна Строгіна

Тэл. 8 (0222) 650757

Заказ экскурсій ажыццяўляецца па тэлефоне: 8 (0222) 650203

Музей працуе: з 10.00. да 18.00

Выхадныя дні: панядзелак, аўторак

Музей Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі быў адкрыты 24 снежня 1982 года. Гэта першы ў рэспубліцы мемарыяльны музей, прысвечаны жыццю і творчасці мастака. Дом, у якім нарадзіўся мастак у невялікім сяле Крынкі каля Бялыніч Магілёўскай губерні ў 1872 г., не захаваўся. Таму было прынята рашэнне адкрыць Музей у Магілёве і размясціць яго ў каменным двухпавярховым асабняку з мансардай, помніку грамадзянскай архітэктуры XVII стагоддзя, па вуліцы Ленінскай, 37.

Да часу адкрыцця філіяла Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь меў у сваіх фондах амаль пяцьсот жывапісных твораў народнага мастака БССР і РСФСР Бялыніцкага-Бірулі, з вялікай стараннасцю і любоўю сабраных дырэктарам Дзяржаўнай мастацкай галерэі, заслужаным дзеячам мастацтваў БССР Аленай Васілеўнай Аладавай. Гэтая калекцыя – адзіны па сваёй паўнаце і мастацкай значнасці збор твораў выдатнага пейзажыста. Акрамя таго, удава мастака Алена Аляксееўна перадала ў дарунак музею значную частку дакументальных матэрыялаў, фатаграфій і асабістых рэчаў, якія раней знаходзіліся ў «Чайцы», хаце-майстэрні мастака на беразе возера Удомля – эцюднік, палітру, пэндзлі; паляўнічую стрэльбу – сведчанне адмысловай прыхільнасці да палявання; мэблю, зробленую ў Абрамцаўскай майстэрні; унікальныя лісты І.Я. Рэпіна, у адным з якіх вялікі рускі жывапісец пісаў аб сваім захапленні працамі маладога пейзажыста. Усё гэта дазволіла стварыць досыць суцэльны мемарыяльны раздзел музея, які займае ўвесь першы паверх будынка.

Вялікую цікавасць уяўляюць фатаграфіі. Яны распавядаюць аб родных Вітольда Каятанавіча, яго сям’і, паказваюць мастака ў розныя гады жыцця – дзіцем, вучнем Кіеўскага кадэцкага корпуса, за працай ля мальберта, з дачкой Любачкай, сярод сяброў, з вядомымі рускімі мастакамі на святкаванні 40-годдзя Перасоўных мастацкіх выставак, з групай беларускіх мастакоў у Мінску, з вядомымі майстрамі савецкага мастацтва ў залах Музея Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе.

Арыгіналы і копіі розных дакументаў распавядаюць пра гады навучання ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, разьбярства і дойлідства, аб удзеле ў творчых конкурсах, выстаўках, аб атрыманні ганаровых званняў і ўзнагарод. У музеі захоўваюцца медаль, якім была адзначана карціна «Зімовы сон» на выстаўцы ў Барселоне; ордэны СССР, а таксама дыпломы, віншавальныя адрасы, падпісаныя вядомымі майстрамі выяўленчага мастацтва; выданні, прысвечаныя творчасці Бялыніцкага-Бірулі.

Сярод экспанатаў мемарыяльнага раздзела знаходзяцца працы мастакоў – блізкіх сяброў В.К. Бялыніцкага-Бірулі: партрэт маці мастака А.Р. Бялыніцкай-Біруля, напісаны ў 1894 годзе Н.П. Ульянавым; партрэты В.К. Бялыніцкага-Бірулі, выкананыя А.У. Марававым (1908), М.М. Зайцавым (1922), Ф.А. Мадоравым (1950); краявіды, якія адлюстравалі хату-майстэрню «Чайка» і наваколлі возера Удомля.

Другі паверх музея цалкам займаюць творы В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Больш за пяцьдзясят палотнаў, скончаных карцін і маленькіх эцюдаў, размешчаных у светлых прасторных залах, даюць поўнае ўяўленне пра творчасць выбітнага жывапісца, выдатнага майстра лірычнага пейзажа.

Карані мастацтва Бялыніцкага-Бірулі ляжаць, безумоўна, у прыродзе роднай Беларусі, някідкая прыгажосць якой, немудрагелістасць матываў, мяккія спакойныя фарбы назаўсёды ўвайшлі ў душу мастака і вызначылі своеасаблівасць яго мастацтва, увесь эмацыянальны лад яго твораў. Пэндзлю Бялыніцкага-Бірулі належаць па-майстэрску напісаныя краявіды зімы, лета, залатой восені. Але больш за ўсё яго хвалявалі вясновая прырода, яе абуджэнне ад зімовай спячкі, першая зеляніна і буйны яе росквіт. Звяртаючыся да пэўнага пейзажнага сюжэта, майстар імкнуўся перш за ўсё перадаць стан прыроды, які залежыць ад пары года, часу сутак, сонечнага святла, перадаць тыя эмоцыі, якія адчувае чалавек, маючы зносіны з прыродай.

У 1912 г. Вітольд Каятанавіч набыў надзел зямлі ў Цверскай губерні на беразе возера Удомля і пабудаваў дом з майстэрняй. Сваю невялікую сядзібу ён назваў «Чайка». З «Чайкай» звязана вялікая частка творчага і асабістага жыцця майстра. Менавіта тут былі створаныя шматлікія вядомыя палотны жывапісца, у тым ліку і яго вядомая карціна «Час цішыні. Возера Удомля» (1911).

Значную частку экспазіцыі займаюць творы, створаныя ў савецкі час. У 20-я і 30-я гады, захоплены тым новым, што адбываецца вакол, Бялыніцкі-Біруля шмат ездзіць па краіне. Яго цікавяць першыя вопыты рэканструкцыі сельскай гаспадаркі ў саўгасе «Гігант» і камуне «Сейбіт», будаўніцтва «Азоўсталі», ператварэнні Поўначы. Тройчы – у 1933, 1935 і 1937 гг. – ён пабываў у Запаляр’і. Аб гэтых паездках сведчаць карціны, прадстаўленыя ў экспазіцыі. Нягледзячы на тэматычную аснову гэтых прац, у іх пераважае лірыка-паэтычны пачатак, ідучы ад таленту мастака, яго светаўспрымання.

У экспазіцыі знаходзяцца палотны «Блакітнай вясной» (1942), «Вясновая цішыня» (1943), карціны з адлюстраваннем помнікаў рускага драўлянага дойлідства – «Дзевяціглавая драўляная царква», «Вёска Зачацце», «Ратанавалок. Старая царква», «Млын на Паўночнай Дзвіне» (усе – 1944). У іх прыгажосць роднай зямлі і пакланенне культурнай спадчыне народа. Менавіта так у гады Вялікай Айчыннай вайны мастак-грамадзянін выказаў сваю адданасць Радзіме, бязмежную любоў да яе.

В.К. Бялыніцкі-Біруля – адзін са стваральнікаў жанру мемарыяльнага краявіду. У яго працах – малюнакі памятных месцаў, звязаных з жыццём вядомых дзеячаў рускай гісторыі і культуры Л.М. Талстога, А.С. Пушкіна, П.І. Чайкоўскага і інш. У музеі гэты бок творчасці мастака прадстаўлены карцінамі, прысвечанымі пушкінскім месцам – «Міхайлаўскае. Домік няні А.С. Пушкіна Арыны Радзівонаўны», «Святогорскі манастыр. Магіла А.С. Пушкіна», «Трыгорскае. Бяроза ля ракі Сораць» (усе – 1936), «Восеньскія дні. Трыгорскае. Рака Сораць» (1952). Паэтычнасць і лірызм карцін, музычнасць іх жывапіснага рашэння сугучныя адухоўленай паэзіі Пушкіна.

1947 год быў асабліва значным у творчай біяграфіі В.К. Бялыніцкага-Бірулі: яму прысвоілі званне народнага мастака РСФСР (званне народнага мастака БССР ён атрымаў пасля 1944 г.), яго абралі сапраўдным членам Акадэміі мастацтваў СССР. Важнай падзеяй года быў прыезд Вітольда Каятанавіча ў Беларусь упершыню за шмат гадоў. З мая і да сярэдзіны чэрвеня мастак жыў і працаваў на Белым лецішчы ў наваколлях Мінска. Тут ён напісаў некалькі дзясяткаў эцюдаў, якія сталі асновай цыклу карцін, прысвечаных Беларусі. Менавіта тут, у наваколлях Мінска, быў знойдзены матыў для карціны «Беларусь. Ізноў заквітнела вясна», эмацыянальны змест якой падпарадкаваны галоўнай думцы аўтара – жыццё перамагло смерць, разбурэнні. Гэтае палатно – адно з цэнтральных у экспазыцыі.

Вітольд Каятанавіч Бялыніцкі-Біруля да канца свайго жыцця нястомна працаваў. Ён памёр ва ўзросце 85 гадоў. Сярод самых апошніх палотнаў у музеі экспануецца «Апошні снег. Чайка» (1950), «Лён зацвёў» (1950–1951), «Прыйшла вясна» (1951), «Вечар ранняй вясны» (1954), «Бярозкі» (1955).

У мансардзе музея размешчана выставачная зала. У ёй пастаянна адбываюцца выстаўкі твораў выяўленчага мастацтва з фондаў НХМ РБ, Саюза мастакоў Беларусі, выставы дзіцячай творчасці.

Мастацка-мемарыяльны музей дае поўнае ўяўленне пра жыццё і творчасць Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі, натхнёнага мастака, вялікага працаўніка, сына зямлі беларускай.

Вярнуцца >>