Аддзел старажытнабеларускага мастацтва Аддзел старажытнабеларускага мастацтва

Аддзел старажытнабеларускага мастацтва створаны 1 студзеня 1980 г., яго ўзначаліла кандыдат мастацтвазнаўства Н.Ф.

Высоцкая (пасля доктар навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР). Стварэнню новай навуковай структурнай адзінкі папярэднічалі шматлікія экспедыцыі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР па вывучэнні культавых помнікаў жывапісу і скульптуры ў каталіцкіх і праваслаўных храмах рэспублікі. Шматлікія творы, асабліва з храмаў, знятых з дзяржаўнай рэгістрацыі, прыходзілася перавозіць у музей і тэрмінова рэстаўрыраваць з прычыны пагрозы іх знікнення. У 70-і экспедыцыях (1968–1989 гг.) прымалі ўдзел навуковыя супрацоўнікі музея і іншых устаноў культуры Мінска, Масквы, Гродна, Магілёва: рэстаўратары, гісторыкі, фатографы (дырэктар Аладава А.В., Высоцкая Н.Ф., Ведзянееў М.М., Герасімовіч П.М., Журбей П.Р., Карпенка А.У., Ліхтаровіч Г.Л., Сянькевіч А.У., Трыфанава Н.Я., Усава Н.М., Федарышкін К.І., Шпунт А.С. і інш.). У выніку экспедыцыйнай дзейнасці ў музей паступіла каля двух тысяч прадметаў гісторыка-мастацкага значэння. Былі сфарміраваны фактычна новыя калекцыі беларускага іканапісу, драўлянай скульптуры, разьбярства і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Супрацоўнікамі аддзела праведзена даследчая работа па інвентарызацыі культавай маёмасці ў дзеючых храмах. Сабраны досыць поўны навукова-факталагічны матэрыял (апісанні, памеры, фотафіксацыя) аб мастацкіх каштоўнасцях, якія знаходзіліся на той перыяд у цэрквах і касцёлах Беларусі.

У экспазыцыі музея ўпершыню з'явіўся значны радзел беларускага мастацтва XII–XVIII стст., які перыядычна папаўняецца па меры рэстаўрацыі твораў. Пры ўдзеле супрацоўнікаў аддзела ў 1992 г. адкрыта экспазіцыя ў філіяле музея – паўднёва-заходняй вежы Мірскага замка, у 1995 – ва ўязной вежы.

Супрацоўнікі займаюцца вывучэннем асноўных відаў мастацтва Беларусі XII–XVIII стст. (іканапіс, манументальны жывапіс і скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), а таксама Расіі (меднае ліццё, рускі абраз, старадрукі). Па гэтых тэмах апублікавана некалькі манаграфій і больш за 200 навуковых артыкулаў, абаронены дысертацыі. Падрыхтаваны да выдання каталогі: "Рускае меднае ліццё XII–XX стст. са збору НММ РБ" (А.У. Карпенка); "Старадрукаваныя кнігі кірылічнага друку XVI–XVIII стст. у зборы НХМ РБ" (Н.Я. Трыфанава). У 2006 г. аддзелам распрацаваны тэматыка-экспазіцыйны план паказу помнікаў старажытнабеларускага мастацтва ў новым будынку музея. Вядзецца распрацоўка новай экспазыцыі ў залах Мірскага замка.

Акрамя асноўнай працы, супрацоўнікі аддзела з'яўляюцца захавальнікамі калекцый беларускага іканапісу (Л.Л. Сысоева), скульптуры (А.У. Карпенка), старадрукаваных кніг (Н.Я. Трыфанава).

Спецыялісты аддзела выступалі з паведамленнямі на шматлікіх навуковых канферэнцыях у Беларусі і за мяжой (Мінск, Полацак, Браслаў, Нясвіж, Магілёў, Навагрудак, Масква, Кіеў, Луцк, Львоў, Парыж, Варшава, Кракаў, Люблін, Хелм). Яны вядуць педагагічную работу ў вну Мінска: чытаюць лекцыі па гісторыі мастацтваў і рэстаўрацыі, кіруюць дыпломнымі працамі і практыкай студэнтаў; аказваюць кансультацыі па навуковай тэматыцы аддзела; выконваюць мастацтвазнаўчую экспертызу па зваротах дзяржаўных арганізацый і прыватных асоб. Супрацоўнікамі распрацаваныя цыклы папулярных лекцый па гісторыі беларускага мастацтва XI–XVIII стст., тэхніцы і тэхналогіі жывапісу, гісторыі рэстаўрацыі і атрыбуцыі помнікаў (Трыфанава Н.Я., Карпенка А.У., Сысоева Л.Л.).

Выстаўкі, падрыхтаваныя пры ўдзеле аддзела.

Творы, рэстаўрыраваныя ў СНРП М (Растоў-на-Доне). Растоў-на-Доне. 1981

Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей у СССР. Масква. 1984

Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей у БССР. Мінск. 1985

Старажытнае мастацтва Беларусі. Сарагоса (Іспанія). 1988

Старажытае, новае, вечнае. Кіеў. 1988

Тэмперны жывапіс Беларусі XV–XVIII стагоддзяў. Мінск. 1988. Магілёў. 1989

Дзяржаўнаму мастацкаму музею – 50 гадоў. Мінск. 1989

Мастацтва старажытных гарадоў Беларусі. Мінск. 1990

Мастацтва рэнесансу ў Беларусі. Мінск. 1990

Іканапіс Беларусі XVII–XVIII стст. Яраслаўль – Масква. 1990

Адкрыццё экспазіцыі ў паўднёва-заходняй вежы Мірскага замка. 1992

Мастацтва Брэстчыны XVII–XVIII стст. Мінск. 1993.

Іканапіс Гомельшчыны XVII–XIX стст. (сумесна з Веткаўскім музеем). Мінск. 1994

Мастацтва Віцебшчыны XVII–XVIII стст. Мінск. 1994

Мастацтва Беларусі XVI–XVIII стст. Новыя адкрыцці (Калекцыя В.К. Цвіркі). Мінск. 1994

Мастацтва Беларусі XVI–XIX стст. Знаходкі А. Іпеля. Мінск. 1995

Мастацтва Беларусі XVI–XVIII стст. Знаходкі М.М. Шчакаціхіна. Мінск. 1996 (Матэрыялы ды 100-годдзя з дня нараджэння Мікалая Шчакаціхіна 1896–1940. Мн., 1996.)

Мастацкі метал XVI–XIX стст. у Беларусі. Гальшаны (Гродзенская вобл.). 1997

Мастацтва Міншчыны XVI–XVIII стст. Мінск. 1997

Мастацтва Беларусі XVI–XVIII стст. Знаходкі А.В. Аладавай. Мінск. 1997

Мастацтва Магілёўшчыны XVII–XVIII стст. Мінск. 1998

Мастацтва Гродзеншчыны XII–XVIII стст. Мінск. 1998

Іканапіс Беларусі XVI–XVIII стст. Новыя адкрыцці. Іспанія. 1999–2000. (Каталог – La pintura d"icones de Bielorussia els segles 16, 17, 18. Nous descobriments. N.F.Visotskaja).

Мясцовашанаваныя ў Беларусі абразы Маці Божай XIII–XVIII стст. Мінск. 1999–2000.

Датаваныя помнікі мастацтва Беларусі XVII–XVIII стст. Мінск. 2000

Рэстаўрацыя і рэстаўратары. Мінск. 2000

Іканапіс і разьбярства Беларусі XV–XVIII стст. Мінск. 2000

Іканапіс беларускага Палесся XVII–XVIII стст. (Знаходкі супрацоўнікаў АН Беларусі). Мінск. 2003

Абразы беларускай школы XVI–XVIII стст. Мілан (Італія). (Каталог – Icone della scuola Bielorussa. Абразы беларускай школы XVI–XVIII стст. – Надзея Высоцкая.)

Беларусь. Грань паміж небам і зямлёй. Абразы НХМ РБ. Трыест (Італія) 2004-2005. (Каталог – Belarus" frontiera tra cielo e terra. Sania Gukova)

Нясвіжскія зборы Радзівілаў. Мінск. 2004

Іканапіс Беларусі XXI стагоддзі. Мінск. 2004.

Духоўныя святыні Беларусі (Іканапіс Беларусі XVI–XVIII стст.). Мінск. 2005

Партрэты з Нясвіжскай калекцыі Радзівілаў. Гродна. 2005.

Асноўныя публікацыі:

Жывапіс Беларусі XII–XVIII стст. Уст. артыкул Н.Ф. Высоцкай. Уклад. Н.Ф. Высоцкая, Т.А. Карповіч. Мінск. 1980

Пластыка Беларусі XII–XVIII стст. Аўтар і складальнік Н.Ф. Высоцкая. Мінск. 1983

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII–XVIII стст. Аўтар і складальнік Н.Ф. Высоцкая. Мінск. 1984

Высоцкая Н.Ф. Тэмперны жывапіс Беларусі канца XV–XVIII стагоддзяў у зборы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Каталог. Мн. 1986

Іканапіс Беларусі XV–XVIII стагоддзяў. Аўтар-складальнік Н.Ф. Высоцкая. Мінск. 1992 (перавыданні 1994, 1995, 1996, 2000, 2001)

Высоцкая Н.Ф. Скульптура і разьба Беларусі XII–XVIII стст. Каталог. Мінск. 1998.

Жывапіс барока Беларусі. Аўтар-складальнік Н.Ф. Высоцкая. Мінск. 2003

Карпенка А.У. Беларускае мастацтва ХII–XVIII стст. /Даведнік. НХМ РБ. Мн., 2002.

Супрацоўнікі аддзела Н.Ф. Высоцкая і А.У. Карпенка ўваходзяць у калектыў аўтараў-укладальнікаў навейшага выдання: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Мастацтва XV – пачатку XX стагоддзя. Мінск, 2005.

У аддзеле ў розныя гады працавалі:

Барабанаў К.У., Брыгадная В.Я., Сычев У.А., Свінцова Н.В., Усава Н.М., Арэшка В.М., Сцяпанава А.В., Чабан І.Л., Кірэева Г.У., Яцкевіч Д.Л., Шпунт А.А., Карэлін У.Р.

Склад аддзела ў цяперашні час:

Карпенка А.У. – загадчык аддзела (19 чэрвеня 2006 г.), захавальнік фонду старажытнабеларускай скульптуры. Скончыла факультэт гісторыі і тэорыі выяўленчых мастацтваў Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры ім. І.Я. Репіна Расійскай Акадэміі мастацтваў (СПб). Кола навуковых праблем: старажытнабеларуская скульптура, іканапіс і партрэт, мастацкія тканкі мануфактурнай вытворчасці, рускае меднае ліццё (падрыхтаваны альбом-каталог).

Трыфанава Н.Я., вядучы навуковы супрацоўнік, канд. мастацтвазнаўства, дацэнт. Займаецца праблемамі манументальнага, станковага жывапісу і кніжнага мастацтва Беларусі XI–XVIII стст. Працуе над каталогамі старадрукаванай кнігі ў зборы НХМ РБ (з Г.У. Кірэевай, заг. аддзела рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі РБ) і рускай іконы ў зборы НХМ РБ (з А.Дз. Шапашнікавай, вяд. навуковым супрацоўнікам аддзела захавання НХМ РБ).

Ярашэвіч А.А., вядучы навук. супрацоўнік, канд. мастацтвазнаўства. Кола навуковых праблем – беларускае мастацтва XVII–XVIII стст. (манументальна-дэкаратыўная скульптура, іканапіс і алтарны жывапіс, архітэктура).

Сысоева Л.Л., навуковы супрацоўнік. Скончыла, аддзяленне музеязнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржуніверсітэта. Вучыцца ў аспірантуры ІМЭФ ім К. Крапівы НАН Беларусі. Тэма – "Рэгіянальныя асаблівасці беларускага іканапісу XVII–XVIII стст."

Вярнуцца >>