Гісторыя музея

У цэнтры Мінска, на вуліцы Леніна, 20, знаходзіцца Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (Дзяржаўная мастацкая галерэя з 1939 да 1957, Дзяржаўны мастацкі музей з 1957 па 1993) – найбуйнейшы ў краіне збор беларускага і замежнага мастацтва. У экспазіцыі, філіялах і фондасховішчах знаходзіцца больш за дваццаць сем тысяч твораў, якія фарміруюць дваццаць разнастайных калекцый і складаюць два галоўныя музейныя зборы: збор нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краін і народаў свету.

Афіцыйная гісторыя музея бярэ пачатак 24 студзеня 1939 г. – згодна з пастановай урада Савета Народных Камісараў БССР у Мінску стваралася Дзяржаўная мастацкая галерэя. Яна размясцілася ў пятнаццаці залах будынка Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы. Акрамя аддзелаў жывапісу, скульптуры і графікі, у Галерэі спецыяльнай пастановай быў арганізаваны аддзел мастацкай прамысловасці.

Даваенны перыяд працы Галерэі пад кіраўніцтвам Мікалая Пракопавіча Міхалапа (1886–1979), вядомага беларускага мастака-кераміста – час інтэнсіўнага фарміравання мастацкіх калекцый. Дзіўна, як за такі кароткі тэрмін паспелі зрабіць так шмат па зборы экспанатаў: былі вывезены і ўзяты на ўлік самыя каштоўныя творы культавага мастацтва ў цэрквах і касцёлах, сабраны вялікія фонды жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Асновай мастацкай калекцыі Галерэі сталі творы з аддзелаў выяўленчага мастацтва гістарычных музеяў Мінска, Віцебска, Магілёва і Гомеля. Некалькі твораў са сваіх фондаў падаравалі Траццякоўская галерэя і Рускі музей, Музей выяўленчых мастацтваў імя А.С. Пушкіна і Дзяржаўны Эрмітаж. У калекцыю новай галерэі ўвайшлі і творы вядомых рускіх савецкіх мастакоў.

Пасля ўз’яднання ў верасні 1939 г. заходнебеларускіх зямель з БССР у Мастацкую галерэю паступілі творы з нацыяналізаваных сядзіб і замкаў Заходняй Беларусі, у тым ліку і частка калекцыі палаца князёў Радзівілаў у Нясвіжы. Такім чынам калекцыя папоўнілася багатым зборам слуцкіх паясоў, французскіх габеленаў XVIII ст., партрэтнага жывапісу XVI–XIХ стст.

У пачатку 1941 г. фонды ДКГ БССР налічвалі ўжо 2711 твораў, з якіх 400 знаходзіліся ў экспазіцыі. Наперадзе была доўгая праца па апісанні і вывучэнні кожнага помніка, стварэнні каталога музейнай калекцыі.

Аднак такому багатаму збору мастацкай галерэі ў Мінску не наканавана было доўгае жыццё. У першыя дні вайны лёс усяго збору складаецца трагічна. За кароткі прамежак часу ён знікне бясследна. Калекцыю рыхтавалі да эвакуацыі, але не здолелі выратаваць – не вывезлі. У поўным складзе і ў поўнай захаванасці мастацкі збор у Мінску паўстаў перад заваёўнікамі.

Вядома, што напярэдадні шырокамаштабных ваенных дзеянняў у Еўропе нацысцкі ўрад склаў спецыяльную праграму па канфіскацыі культурных і мастацкіх каштоўнасцей у заваяваных краінах. У адпаведнасці з гэтай праграмай ствараюцца розныя грамадствы і арганізацыі, па заданні якіх спецыялісты высокага рангу выязджаюць у розныя краіны як турысты і даследчыкі для складання спісаў найбольш каштоўных калекцый і прадметаў, якія падлягаюць канфіскацыі. Улікам каштоўнасцей на ўсходніх тэрыторыях займалася генеральнае пасрэдніцтва «Усход», яно жа здзяйсняла загады аб канфіскацыях.

Падзеі, якія адбываліся ў Мінску ў 1941 г. у мастацкай галерэі, сведчаць аб тым, што гэты збор цікавіў немцаў і прылічваўся да шэрага вялікіх і каштоўных.

Першыя нямецкія часці толькі злёгку пагаспадарылі ў галерэі. Затым у Мінску з’яўляюцца дзве вельмі важныя асобы – Г. Пасэ і К. Мюльман. Г. Пасэ – дырэктар Дрэздэнскай галерэі і асобы ўпаўнаважаны па стварэнні асабістага музея Гітлера на яго радзіме, у Лінцы. К. Мюльман – асобы ўпаўнаважаны па ўліку культурных і мастацкіх каштоўнасцей на ўсходніх тэрыторыях. Былі ў горадзе і прадстаўнікі грамадства «Спадчына», якое ўзначальваў Гімлер. Жадаючых прысвоіць мінскія калекцыі было вельмі многа, і паміж імі існавала суперніцтва. Лепшыя прадметы прыкладнога мастацтва і палотны, як сведчаць дакументы, былі канфіскаваныя Г. Пасэ, каштоўныя калекцыі адпраўлены ў рэйх і ў Кенігсберг. Да верасня 1941 г. збор мастацкай галерэі быў практычна страчаны. У гэты час гаўляйтэр Вейсрутэніі (так звалася Беларусь) В. Кубэ скардзіцца А. Розенбергу, што Мінск пазбавіўся мільённых каштоўнасцей, бо «каштоўныя палотны, мэбля XVIII–XIX стст., вазы, вырабы з мармуру, гадзіннікі і г.д. СС аддае на разрабаванне вермахту». Шмат чаго было вывезена ў невядомым напрамку, сёе-тое засталося ў нямецкіх арганізацыях у Мінску.

Збор мастацкай галерэі перастаў існаваць, і яго страту можна назваць незаменнай. Лёс даваеннага збору ДКГ дагэтуль невядомы. Пошук яго абцяжараны адсутнасцю інвентару – каталога даваенных экспанатаў музея. У «Вопісе музейных каштоўнасцей, вывезеных гітлераўцамі ў Германію і ў краіны яе саўдзельнікаў і знішчаных у выніку разбойніцкіх дзеянняў» 1944 года, складзенай музейнымі супрацоўнікамі па памяці, значацца 223 творы рускага жывапісу, 32 – заходнееўрапейскага, мэбля з «Сіняй спальні» Аляксандра II у Зімовым палацы, 60 абразоў XVI–XVIII стагоддзяў, 89 твораў скульптуры, 48 слуцкіх паясоў, 480 прадметаў рускага фарфору, 800 – заходнееўрапейскага, 30 прадметаў старажытнага ўрэчскага шкла, 200 «посцілак» ручной працы беларускіх ткачых, сотні твораў беларускіх мастакоў канца XIX – пачатку XX стагоддзя.

Пасля вайны была вернута толькі невялікая частка твораў, якія знаходзіліся напярэдадні вайны на выстаўках у Расіі (напрыклад, бюст князя П.А. Румянцава-Задунайскага працы Ф. Шубіна), або знойдзеных савецкімі салдатамі ў канцы вайны ў гарадах Усходняй Прусіі (калекцыя партрэтаў з Нясвіжа) і спустошаным Мінску («Шахцёр з лямпачкай» М. Касаткіна, «Восень» І. Левітана, «Раніца вясны» У. Кудрэвіча апынуліся кінутымі фашыстамі ў недабудаваным будынку ЦК КПБ).

Усё трэба было пачынаць нанова. Другі этап гісторыі музея звязаны з 33-гадовай падзвіжніцкай дзейнасцю заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, дырэктара Галерэі з 1944 г. Алены Васілеўны Аладавай (1907–1986), да вайны загадчыка аддзела рускага і беларускага мастацтва. Пасля вызвалення Мінска Галерэі выдзелілі чатыры пакоі Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды. Дзякуючы энергіі і запалу нешматлікіх першых супрацоўнікаў, якія працавалі самазабыўна, часта да глыбокай ночы, музей літаральна «паўстаў з попелу». Нягледзячы на пасляваенную разруху, урад рэспублікі вылучаў немалыя сродкі на куплю твораў для Галерэі. Ужо ў жніўні 1945 года былі набыты палотны Б. Кустодзіева, В. Паленава, К. Брулова і І. Левітана. Ізноў дапамагалі музеі Расіі: Дзяржаўны музей імя А.С. Пушкіна перадаў некалькі карцін заходнееўрапейскіх майстроў, Дзяржаўны Рускі музей – тры пейзажы А. Куінджы, пейзаж А. Багалюбава і парадны партрэт імператрыцы Кацярыны II. На былым Архірэйскім падворку ў Мінску, дзе да вайны размяшчаўся Беларускі дзяржаўны музей, былі знойдзены цудам уцалелыя абразы – у тым ліку і шэдэўры беларускага іканапісу «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца 1649 г., «Параскева» і «Узнясенне» XVI стагоддзя.

У 1946 годзе ў фондах было ўжо 317 твораў. У лістападзе наступнага года адкрылася пастаянная экспазіцыя, якая месцілася ў пяці залах другога паверха Дома прафсаюзаў. Нягледзячы на прадстаўленыя дадатковыя плошчы, Галерэя востра адчувала патрэбу ў пашырэнні прасторы.

У горадзе, які яшчэ быў у руінах, А.В. Аладава дабілася дазволу на будаўніцтва спецыяльнага будынка для Галерэі. Праектаванне новага збудавання было даручана маладому архітэктару, франтавіку Міхаілу Іванавічу Бакланаву (1914–1990).

Аб першапачатковай ідэі архітэктара можна меркаваць па акварэльным эскізе 1949 года, які захаваўся. Бакланаў вырашыў праект у традыцыях рускага ампіру – характэрнай тэндэнцыі «трыумфальнай» архітэктуры канца 1940 – пачатку 1950-х гг. Двухпавярховы асабняк з шэрагам паўцыркульных вокнаў і порцікам з лёгкімі каланадамі меркавалася размясціць на ўзвышшы на рагу вуліц Леніна і Кірава фасадам на Ульянаўскую. Да яго праз ступеньчатыя тэрасы зялёных газонаў вяла шырокая лесвіца. Будучы музей, па задуме архітэктара, павінен быў мець урачысты святочны выгляд.

Аднак месца будаўніцтва музея перанеслі на невялікі ўчастак на вул. Леніна, з ужо сфарміраванай забудовай. Ад ідэі «палаца-храма мастацтваў» прыйшлося адмовіцца на карысць больш строгага і манументальнага рашэння з масіўным фасадам, упрыгожаным скульптурнымі рэльефамі і алегорыямі «Жывапісу» (аўтар П. Сіўцоў) і «Скульптуры» (аўтар С. Адашкевіч). Франтон вянчае скульптура А. Бембеля «Слава». За суровым рэпрэзентатыўным фасадам адкрываецца ўрачыстая каланада параднага вестыбюля.

Уваходзін прыйшлося чакаць восем гадоў. Будаўніцтва Мастацкай галерэі з дзесяццю прасторнымі заламі, размешчанымі на двух паверхах, і ўмяшчальнай галерэяй было завершана ў 1957 годзе. Будынак Бакланава стаў адным з першых музейных будынкаў у гісторыі савецкай архітэктуры.

5 лістапада 1957 г. прадстаўленнем новай экспазіцыі і Усебеларускай выставы ўрачыста адкрыўся Дзяржаўны мастацкі музей БССР (так стала звацца былая Мастацкая галерэя з 10 ліпеня 1957 года). Калекцыя музея ў тыя гады ўжо дасягнула даваеннай колькасці і налічвала каля трох тысяч твораў рускага, савецкага і беларускага мастацтва.

«Душой» музея была А.В. Аладава. Яна ўспрымала ўзнаўленне збору справай свайго жыцця і аддавала ўсе сілы на аднаўленне згубленай калекцыі.

Вялікая частка фондаў рускага жывапісу паходзіць з прыватных калекцый. Карыстаючыся парадамі І. Грабара, А. Фёдарава-Давыдава, вядомых мастакоў А.Д. і П.Д. Корыных, У. Фаворскага, П. Канчалоўскага, А.В. Аладавай атрымалася набыць творы рускага мастацтва высокага класа з прыватных збораў спявачкі Лідзіі Русланавай, балерыны Кацярыны Гельцэр, акцёра Івана Масквіна, многіх вядомых калекцыянераў Масквы і Ленінграда. Калекцыя рускага мастацтва (больш за 5 тысяч экспанатаў) па поўнасці і цэласнасці можа супернічаць са шматлікімі расійскімі музеямі.

1970-я – пачатак 1980-х гадоў – пік выставачнай дзейнасці музея. Калекцыя беларускага сучаснага жывапісу і графікі з фондаў музея падарожнічае па краінах сацыялістычнай садружнасці. Мінчане, у сваю чаргу, знаёмяцца з сусветнымі шэдэўрамі на выставах заходнееўрапейскага мастацтва са збору А. Хамера (1973), з музеяў Польшчы (1974), скарбамі Дрэздэнскай галерэі, творамі М.К. Рэрыха (1975), амерыканскага жывапісу з музеяў ЗША (1976) і з Метрапалітэн-музея (1978), польскім партрэтам XVI–XVIII стагоддзяў з польскіх збораў, выставай аўтапартрэта ў рускім і савецкім мастацтве, заходнееўрапейскага жывапісу з Нацыянальнай галерэі Прагі (1979), ліёнскімі тканінамі з музеяў Францыі (1981).

З 1977 па 1997 год на чале музея быў мастак-графік Ю.А. Карачун. Як старшыня беларускага аддзела міжнароднай асацыяцыі музеяў ICOM, ён прыклаў шмат намаганняў у справе аховы помнікаў беларускай гістарычнай спадчыны, планамернай рэстаўрацыі Мірскага замка і набыцця ім статусу філіяла музея.

У наступныя два дзесяцігоддзі музей ператвараецца ў буйны музейны комплекс з некалькімі філіяламі: раённая карцінная галерэя ў Гурынах пад Мазыром (1978), Музей народнага мастацтва ў Раўбічах (1979), Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве (1982), Архітэктурны комплекс XVI–XVIII стагоддзяў у Гальшанах (1989), замкавы комплекс XV–XX «Мір» (1992), сядзібны дом XIX ст. у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе, Мемарыяльны музей-майстэрня З. Азгура (1999).

У 1980-я гады актыўна папаўняюцца ўсе калекцыі – ім ужо цесна ў старым бакланаўскім будынку. Экспазіцыйныя залы першага паверха прыходзіцца прыстасоўваць пад сховішчы, ахвяруючы экспазіцыяй сучаснага беларускага мастацтва. З-за недахопу экспазіцыйных плошчаў музей змушаны паказваць толькі малую частку сваёй калекцыі.

З 1985 г. вялося праектаванне, а ў 1993 годзе пачалося будаўніцтва новага корпуса музея – прыбудовы да асноўнага будынка (архітэктар В.С. Бялянкін). У 1989 годзе музею перададзены будынак па вуліцы Кірава, 25, дзе размясціўся лекторый, аддзелы і службы музея.

Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі пасля распаду СССР змяніла статус музея і яго культурную палітыку: з 1993 года музею надаецца высокі статус Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

У 1990-х гадах музей – буйны навуковы, культурны і асветніцкі цэнтр Беларусі. З 1994 года ён мае свой архіў, з 1989 – рэстаўрацыйныя майстэрні, дзе ў розных галінах працуюць спецыялісты-рэстаўратары. Пастаянна новай спецыяльнай літаратурай папаўняюцца багатыя бібліятэчныя фонды музея.

З 1998 года дырэктарам музея становіцца У.І. Пракапцоў – мастак-жывапісец і мастацтвазнаўца. З яго прыходам актывізуецца праца па ўсіх напрамках музейнай дзейнасці – міжнародныя выставачныя і выдавецкія праекты, папаўненне калекцыі, рэстаўрацыйная справа і г.д. Але самая галоўная і стратэгічная ідэя дырэктара У.І. Пракапцова, у якую мала хто верыў, – стварэнне музейнага квартала, мэтай якога з'яўляецца не толькі «разгрузіць» музей, але і стварыць сучасную музейную інфраструктуру з найноўшымі тэхналогіямі, новымі экспазіцыямі і фондасховішчамі, сувенірнай крамай і арт-кафэ) і г.д. за кошт будынкаў вакол галоўнага корпуса музея.

У 1999 годзе музей наведвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка, які не толькі падтрымлівае гэтую ідэю, але і патраніруе далейшае развіццё музейнага комплексу.

У 2006 годзе Кіраўнік дзяржавы ва ўрачыстай абстаноўцы адкрывае прыбудову музея, якая дазволіла значна пашырыць пастаянныя экспазіцыі: старажытнабеларускае мастацтва, мастацтва Заходняй Еўропы, мастацтва краін Усходу і беларускае мастацтва XX–XXI стст. размясціліся ў новым корпусе з найноўшымі тэхналогіямі: клімат-кантролем, святлом і г.д., а таксама убраць з экспазіцыйнай залы І паверха асноўнага корпуса фондасховішчы ў сучасны дэпазітарый з клімат-кантролем і размясціць там экспазіцыю мастакоў – ураджэнцаў Беларусі XIX–XX стст., на ІІ паверсе ў 5 залах размясціць экспазіцыю толькі рускага мастацтва XVIII–XX стст., дзе да 2006 года раней экспанавалася ўся музейная экспазіцыя.

Пры падтрымцы кіраўніцтва краіны цяпер усе намаганні дырэктара музея накіраваны на завяршэнне музейнага комплексу. З гэтай мэтай Кіраўніком дзяржавы ў 1999 і 2010 гадах падтрымліваецца ідэя аб перадачы будынкаў па вул. Леніна, 22 і К. Маркса, 24, дзе зараз ідзе актыўная праца па іх рэстаўрацыі, прыстасаванню і музеефікацыі ў адзіны музейны комплекс.

На працягу апошніх 15 гадоў пад кіраўніцтвам У.І. Пракапцова і з удзелам супрацоўнікаў музея вялася актыўная рэстаўрацыя філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – Замкавага комплексу «Мір» XVI–XX стст. У 2010 годзе была паспяхова завершана рэстаўрацыя і музеефікацыя гэтага аб'екта ЮНЕСКА, які адкрыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка. З 2011 года Мірскі замак мае статус самастойнай установы культуры рэспубліканскага значэння.

Галоўнай ідэяй музейнай палітыкі кіраўніка музея становіцца канцэнтрацыя фізічных, навуковых намаганняў і дзяржаўных фінансавых сродкаў на музейным комплексе і асноўных профільных філіялах музея.

Так, з 9 філіялаў у розных рэгіёнах краіны 6 перадаюцца на баланс мясцовых органаў улады, застаюцца толькі «Музей В. Ваньковіча. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя» ў г. Мінску, Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах і музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў г. Магілёве, у якім зараз ідзе рэстаўрацыя і музеефікацыя з заменай на новыя тэхналогіі.

Як усякі жывы арганізм музей бесперапынна расце, папаўняючы свае фонды. Збор беларускага і рускага мастацтва, заходнееўрапейскага, мастацтва краін Усходу, сучаснага беларускага налічвае зараз больш за 30 тысяч твораў.

Музей – гэта не толькі карціны, гэта яшчэ і людзі, дзякуючы намаганням якіх у розныя перыяды гісторыі ствараюцца новыя экспазіцыі, арганізуюцца выстаўкі, выдаюцца кнігі і каталогі, папаўняюцца, захоўваюцца, даследуюцца, рэстаўрыруюцца і прапагандуюцца творы мастацтва. Зараз калектыў музея налічвае каля трохсот чалавек, якія годна працягваюць традыцыі сваіх старэйшых музейных калег.

У XXI стагоддзе музей уступіў з перспектывамі далейшага развіцця і ператварэння ў сучасны навукова-асветніцкі і метадычны, рэстаўрацыйны цэнтр з даследчым патэнцыялам і выставачнага комплексу.